Гераічныя старонкі жыцця

Васілеўскі, В. Гераічныя старонкі жыцця / В. Васілеўскі // Знамя Родины. — 1987. — 18 апреля.

Нядаўна ў выдавецтве «Беларусь» выйшла кніга «Отта Шмідт», дзе расказваецца аб жыцці і дзейнасці слаўнага земляка. Нарадзіўся О. Ю. Шмідт у Магілёве ў сям’і гандлёвага служачага. У Магілёўскую класічную гімназію Шмідта адразу прынялі ў другі клас. Затым сям’я пераехала ў Адэсу. Скончыўшы з залатым медалём Кіеўскую класічную гімназію, Отта Юльевіч у 1909 годзе паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. Тут ён пазнаёміўся з працамі Марк­са, Энгельса, Леніна і з першых дзён Кастрычніцкай рэвалюцыі стаў на пазіцыю бальшавікоў, у 1918 годзе ўступіў у рады ленінскай партыі.

Вядомы савецкі вучоны-матэматык, географ, геафізік, астраном, даследчык Арктыкі і дзяржаўны дзеяч, О. Ю. Шмідт усё жыццё прысвяціў рашэнню важнейшых задач у галіне навукі, эканомікі, культуры. Шмідт быў непасрэдным арганізатарам і ўдзельнікам буйнейшых экспедыцый на ледаколах «Сяроў», «Сібіракоў», «Чалюскін» і першай экспедыцыі на Паўночны полюс у 1937 годзе.

Радзіма высока ацаніла заслугі О. Ю. Шмідта. Ён быў удастоен звання Героя Савецкага Саюза ў 1937 го­дзе, узнагароджан ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі. Імя О. Ю. Шмідта носіць востраў у Карскім моры, мыс у Чукоцкім моры, паўвостраў на Новай Зямлі, а таксама праспект у Магілёве, абласная гідраметэаралагічная абсерваторыя. Падрабязней аб жыцці пісьменніка – земляка вы можаце даведацца, прачытаўшы кнігу «Отта Шмідт».

В. ВАСІЛЕЎСКІ, г. п. Глуск.