Кніжнікі старажытнай Магілёўшчыны

Абабурка, М. Кніжнікі старажытнай Магілёўшчыны / М. АБАБУРКА // Магілёўская праўда. — 1990. — 20 верасня.

Сёння, у год паўтысячнага юбілею Францыска Скарыны — першага не толькі беларускага, але і ўсходнеславянскага стваральніка друкаванай кнігі, пачэсна гзварыць пра той уклад, які унесла Магілёўшчына (шырэй — магілёўская зямля) у станаўленне і развіццё не толькі беларус­кай кнігі, але і ўвогуле кірыліцкага кнігадрукавання. Адной з першых публікацый «МП» у гэтым ключы варта назваць артыкул Л. Бурдзіной «Друказанае слова на Магілёўшчыне» (№ 109). Раней друкаваліся асобныя заўвагі ці рэцэнзіі пра Скарыну і прадаўжальнікаў ягонай спра­вы, пра буквары С. Собаля, пра лексікографаў і этнографаў XIX ст. У гэтым плане дапамаглі чытачам пастаянныя рубрыкі «Анталогія літаратурнай Магілёўшчыны» і «Да­ла мне маці гэту мову». Аднак, на наш погляд, чытачы не ўяўляюць пакуль што, калі і якія кнігі першымі з’явіліся на Магілёўшчыне, а таксама хто з першакніжнікаў прыдняпроўскай зямлі павінен ушаноўвацца намі.

Варта адразу заўважыць, што наша разумение стара­жытнай Магілёўшчыны ўбірае ў сябе паняцце той тэрыторыі (Зямлі), якое ўзёў ва ўсеагульнае карыстанне яшчэ П. С. Магіла, заснаваўшы Мсціслаўска-Аршанска-Магілёўскую праваслаўную епархію. Гэта значыць, што мы ўяўляем старажытную Магілёўшчыну як тэрыторыю ад сённяшніх Оршы да Гомеля, Мсціслава і Бялыніч, але ў часавым асвятленні, пачынаючы дзесьці з XIII—XVI ст.ст. н. э. Калі глядзець з фізічнагеаграфічнага боку, то ў асноўным гэта тая зямля, якую займае даўно названая навукоўцэмі Аршанска — Магілёуская раўніна. За гэтую зямлю і на гэтай зямлі на працягу ўсёй гісторыі вяліся разнастайныя кровапралітныя войны, якія часам сціралі нават з памяці цэлыя дзяржаўныя ўтварэнні (напрыклад, і па сённяшні дзень вядуцца пошукі адметных слядоў загадкавай краіны Артаніі, што існавала дзесьці на нашай тэрыторыі).

Старажытная Магілёўшчына мае ў сваім актыве не толькі друкаваную кнігу на розных мовах і алфавітах, але і рукапісную. Аднак так званае кірылічнае (кірылаўскае) пісьмо і кірылаўскае кнігадрукаванне з’яўляецца асноўным, як і на ўсёй тэрыторыі старажытнай Беларусі, бо кірыліца займала манапольнае становішча ў прапагандзе праваслаўя ва ўсходніх славян, пачынаючы з прыняцця імі самімі хрысціянства (988 г.).

Да нашага часу дажылі такія рукапісныя кнігі, што пісаліся ці былі вядомыя на магілёўскай зямлі: Аршанскае евангелле (ХІІІ ст.), Летапіс Аўрамкі (XV ст), Баркалабаўскі летапіс (XVI — XVII ст.ст.), Магілёўская хроніка (XVIII—ХІХ ст.ст.) і інш. Напярэдадні атрымамня Магдэбургскага права Магілёў становіцца адным з цэнтраў рукапісання і рукапіснай кнігі, для чаго былі далучаны грашовыя ахвяраванні ўсіх мясцовых парафіян. Так, у кн. «Актоіх» (1538 г.) адзначаецца, што «справлен… спо- моженьем и накладом всех православных хрестиян» (г. зн. парафіян царквы св. Мікалая). Кнігазнаўцы адзначаюць, што беларусы гандлявалі не толькі сваімі, але і рускімі рукапісамі. Напрыклад, Г. Галенчанка сцвярджае, што адна руская рукапісная кніга была куплена нейкім Істомай Уколавым у беларускім горадзе Прапойску «ў літоўскіх людзей у черкас», а другая ў 1556 г. была прададзена слугой кніжнага майстра Іосіфа-Валакаламскага манастыра Шамой Паповым, і ў тым жа годзе «ста­ла належаць беларускаму князю Івану Лндрэевічу Палубенскаму».

Нельга не толькі маўчаць, але і спакойна гаварыць пра лёс выхадца з Мсціслава, аднаго з рускіх першадрукароў Пятра Мсціслаўца, які праславіў Магілёўшчыну як паплечнік Івана Фёдарава. Зараз на аснове геральдычнай трактоўкі друкарскага знака ёсць спробы даказаць у беларускім кнігазнаўстве гіпотэзу беларускага паходжання і рускага першадрукара Івана Фё­дарава — Масквіціна Івана Фёдеравіча. Пётр Цімафеевіч («Тимофеев») Мсціславец — прамы і непасрэдны прадаўжальнік кнігавыдавецкай спра­вы Ф. Скарыны як у Расіі, так і ў Беларусі. Больш падрабязна аб яго дзейнасці «Магілёўская праўда» ўжо расказвала.

Пасля Люблінскай уніі 1569 г., паводле якой Вялікае княства Літоўскае аб’ядналася з Польшчай у адзіную дзяржаву — Рэч Паслалітую, каталіцкая экспансія і паланізацыя беларускага насельніцтва, у тым ліку і старажытнай Магілёўшчыны, значна ўзрасла. Як супрацьдзеянне гэтаму і ў абарону праваслаўя і кірыліцкага пісьма ўзнікалі брацтвы, брацкія школы і брацкія друкарні. Атрымаўшы ў 1561 г. права на войтаўства і ў 1577 г. Магдэбургскае права, Магілёў становіцца адным з буйнейшых гарадоў і праваслаўных цэнтраў канца XVI — пачатку XVII стагоддзяў. У 1590-92 гг. узнікае Магілёўская брацкая школа, якая была бясплатная, і ў якой навучанне выходзіла далёка за межы так званых «сямі воль­ных мастацтваў». Магчыма, у гэтай школе працавалі пэўны час вялікія асветнікі XVI — XVII стагоддзяў, аўтары першых друкаваных граматык і слоўнікаў царкоўнаславянскай і старабеларускай мовы Лаўрэнцій Зізаній і Мялецій Сматрыцкі, якія, паводле сцвярджэння аўтара Баркалабаўскага летапісу, у 1597 — 1600 гг. працавалі ў якасці хатніх настаўнікаў у князя Багдана Саламарэцкага і пражывалі ў Баркалабаве. Тое, што Л. Зізаній і М. Сматрыцкі прапагандавалі на Магілёўшчыне тагачэсную кірыліцкую пісь меннасць і кнігу, не выклікае сумнення.

3 1616 г. у нашым горадзе пачала дзейнічаць друкарня, якая ўвайшла ў гісторыю беларускай кнігі і кнігадрукавання як Магілёўская брацкая друкарня, Пратрымалася яна ажно дэ 1773 г., праўда, з разнастайнымі перапынкамі. Першьімі кнігамі яе былі «Служэбнік» (1616) і «Евангелле вучыцельнае» Кірылы Транквіліёна – Стаўравецкага (1619), апошнімі — «Катэхізіс» (1761), «Часаслоў» (1771), «Часоўнік» (1773). Цікава адзначыць, што ў 1757 г. тут надрукаваў сваё «Окружное пастор­ское послание» Георгій Каніскі — архіепіскап Беларусі, які пераехаў на пастаяннае жыхарства з Кіева ў Магілёў. Увогуле Магілёўская брацкая друкарня выпусціла звыш 50 кніг розных назваў.

Значную ролю ў развіцці кніжнай справы на Магілёўшчыне ў першай палазіне XVIІ ст. адыграў сын магілёўскага бургамістра Б. I. Соба­ля — Спірыдон Собаль, настаўнік і рэктар Магілёўскай брацкай школы. Працуючы з 1624 г. настаўнікам Кіеўскай брацкай школы і Кіева-Магілянскай акадэміі, адкрыў у Кіеве друкарню (1628 г.). У 1630 г. вяртаецца на радзіму і становіцца адным з заснавальнікаў друкарні ў Куцеіне пад Оршай. Выдаўшы «Буквар» і «Малітвы паўсядзённыя» (1631), «Часаслоў» і «Апостал» (1632), засноўвае друкарню ў Буйнічах і друкуе «Псалтыр» (1635). Потым у Магілёве друкуе «Буквар языка славеньска» (1636), «Псалтыр» (1636—1638), «Тестамент царя греческого Василия» (1638) і інш. Кнігазнаўцы адшукалі 18 назваў кніг, выдадзеных С. Со балем. Ён гандляваў кнігамі, меў добрыя сувязі з рускімі, польскімі і ўкраінскімі кніжнікамі і друкарамі, увайшоў у гісторыю як беларускі друкар і асветнік XVII ст.

Пэўны след не толькі ў гісторыі беларускай кнігі, выдадзенай на Магілёўшчыне, але і ўсяго кірылаўскага кнігадрукзвання пакінуў Максім Ярмалініч Вашчанка. У згаданай публікацыі Л. Бурдзіна назвала нашага славутага і высокаадукаванага земляка «не толькі добрым кнігадрукаром, але вядомым аферыстам». Ужо той факт, што гэты «аферыст» разам са сваім сы­нам Васілём быў заснавальнікам Магілёўскай школы гра­вюры канца XVII — пачатку XVIII стагоддзяў, гаворыць пра вялікі талент іх як гравёраў старажытных кніг. А калі яшчэ ўлічыць, што М. Вашчанка быў бакалаўрам філасофіі і вольных мастацтваў, а таксама меў званне магістра гэтых навук, здабытых у Віленскай езуіцкай акадэміі (1673 г.), то пра друкарскі спрыт і вопыт гэтага разумнага чалавека гаварыць няма патрэбы. Што да судовай справы, то праз гэта прайшлі I Ф. Скарына, i П. Мсціславец. Адным словам, у гісторыю кірылічных кніг М. Вашчанка ўвайшоў як уладальнік друкарні, якая выпусціла ў свет з гравюрамі на працягу 1695—1707 гг. шэсць назваў кніг.

Нельга не адзначыць той ролі, якую адыграў у развіцці беларускай і кірыліцкай кнігі ігумен Магілёўскага Багаяўленскага брацтва Іаіль Труцэвіч, які сумесна з С. Собалем засноўваў Куцеінскую друкарню, а потым і кіраваў ёю. I. Труцэвіч быў аўтарам шматлікіх прадмоў да кніг куцеінскіх выданняў, пераважна нелітургічных. Пад яго рэдакцыяй выйшла другое выданне вядомага слоўніка П. Бярынды, што ўвайшоў у гісторыю беларускай лексікаграфіі як «Лексіконь славена- росскій» (1653). Увогуле Куцеінская друкарня выдала 14 кніг, якія прызначаліся ў пер­шую чаргу для брацкіх школ, літургій, у тым ліку і для свецкага чытання (напрыклад, помнік перакладной беларус­кай літаратуры «Гісторыя пра Барлама і Ісафа» (1637) і інш,). I. Труцэвіч быў моцным прыхільнікам уз’яднання Беларусі з Расіяй, прапаноўваў не толькі кнігі, але і свае выдавецкія паслугі самому цару Аляксею Міхайлавічу. Пры пераездзе ў Расію разам з усімі куцеінскімі друкарамі і гравёрамі дбаў пра пашырэнне рускай кнігі на ўсходне-славянскіх землях.

Пасля афіцыйнай забароны старабеларускай мовы польскім сеймам у 1696 г. (гэта значыць, і кірылічнага пісьма, тым больш кнігадрукавання), пачалі зачыняцца адна за адной брацкія друкарні. У выніку гэтага амаль на працягу ўсяго XVІІІ ст. працавала толькі Магілёўская брацкая дру­карня, выдаючы выключна богаслужэбную літаратуру (звыш 20 назваў паводле «Кнігі Беларусі»). Праўда, у самым канцы гэтага стагоддзя адбыліся вядомыя тры падзелы Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795), што і паслужыла для адкрыцця Магілёўскай прыдворнай друкарні, заснаванай архіепіскапам, вучоным-славістам і пісьменнікам С. I. Богуш-Сестранцэвічам. На працягу 1774—1797 гг. бы­ло выдадзена больш за 50 назваў разнастайных кніг на рускай, польскай, лацінскай і французской мовах. Сярод іх такія, як «Французская граматыка», «Каляндар беларускі», творы і працы С. I. Богуш-Сестранцэвіча і інш. Уво­гуле друкарня С. I. Богуш- Сестранцэвіча паклала пачатак грамадзянскаму кнігадрукаванню не толькі на Магілёўшчыне, але і ва ўсёй тагачаснай Беларусі.

Уз’яднанне Беларусі з Расіяй, а разам з тым і рэформа азбукі ў 1708—1710 гг. прывялі да росквіту кірылічнага пісьма. Так званы «грамадзянскі шрыфт» («гражданка»), у выпрацоўцы якога па даручэнні самога Пятра і прыняў актыўнейшы ўдзел выхадзец з Мсціслаўшчыны, г. зн. і Магілёўшчыны, Ілья Капіевіч (Капіеўскі), дажыў да сённяшняга дня, стаўшы асновай не толькі ўсходнеславянскіх сучасных алфавітаў, але і шматлікіх неславянскіх народаў СССР.

 М. АБАБУРКА,
дацэнт Магілёўскага педінстытута імя А. А. Куляшова.