Сустрэча А. С. Пушкіна у Магілёве

Распопаў, А. Сустрэча А. С. Пушкіна у Магілёве  / А. Распопаў // Іскра. – 1987. – 26 лютага.

У 1824 годзе ў губернскім горадзе Магілёве знаходзілася галоўная кватэра 1-й арміі. Пры галоўнай кватэры 1-й арміі была вучэбная кавалерыйская каманда для удасканалення па службе маладых афіцэраў, у ліку якіх знаходзіўся тады і я на службе ў Лубенскім гусарскім палку.

6 жніўня 1824 года, калі перад манежам палкавая музыка іграла зару, а публіка, карыстаючыся святоч­ным днем і прыемным надвор’ем, гуляла па Шклоўскай вуліцы, праязджала на паштовых, павольна каляска; перад ёю нехта ішоў у афіцэрскай фуражцы, шынель напашкі, у чырвонай шаўковай, рускага крою кашулі, надперазаны агагінікам. Каляска звярнула па Ветранай вуліцы на пошту; я адразу ж паспяшаўся за ёю, каб дазнацца, хто прыехаў. Наглядчык сказаў мне, што едзе з Адэсы калежскі асэсар Пушкін: я адразу ж кінуўся ў пасажырскі пакой і, узяўшы Пушкіна за руку, спытаў у яго:

- Вы, Аляксандр Сяргеевіч, напэўна, мянё не пазнаяце? Я — пляменнік былога дырэктара Ліцэя — Ягора Антонавіча Энгельгардта; у святочныя дні мяне бралі з корпуса ў Царскае Сяло, дзе вы з Дэльвігам прымушалі мяне дэкламаваць вершы.

Пушкін, абдымаючы мяне, сказаў: – Памятаю, памятаю, Саша, ты жвавы быу кадэт.

Я, ад радасці такой нечаканай сустрэчы, не ведаў, што рабіць; бегма пабег да таварышаў, што гулялі са мною, паведаміць ім, што праязджае наш дарагі паэт А. С. Пушкін (у той час усе зацікаўлены былі. «Яўгеніем Анегіным», выйшла VI гла­ва гэтага рамана пра дуэль Яўгенія з Ленскім). Усе паспяшаліся на пошту. Захаплення нельга апісаць. Пушкін загадаў адкаркаваць некалькі пляшак шампанскага. Пілі за ўсё, што прыходзіла ў галаву: за здароўе нянькі, Тані і за супакой душы Ленскага. Але гэ­тага для нас было мала: у захапленні, што з намі вялікі паэт Пушкін, мы ўзялі яго на рукі і аднеслі непадалёк на маю кватэру (я жыў разам з карнетам Куцынскім). Пушкін быў захоплены нашым энтузіязмам, мы ўзнімалі на руках дарагога гасця, пілі за яго здароўе, за гонар і славу ўсяго ім створанаг. Пушкін быў у самым вясёлым і прыемным настроі, ён ускочыў на стол і прадэкламаваў:

Я люблю вечерний пир,
Где веселье председатель,
А свобода, мой кумир,
За столом законодатель.
Где до утра слово пей
Заглушает крики песен,
Где просторен круг гостей,
А кружок бутылок тесен.

Зняўшы Аляксандра Сяргеевіча са стала, мы пачалі яго падкідаць на руках, а князь Абаленскі закрычаў: Панове, гэтая ўрачыстасць выходзіць за межы агульнай радасці, яна павінна быць адзначана чым-небудзь асаблівым. Панове! Зробім нашаму куміру ван­ну з шампанскага!

Усе згадзіліся, але Пушкін, усміхнуўшыся, сказаў: — Сябры мае, шчыра ўдзячны, сапраўды было б цудоўна, я не супроць напаласкацца ў шампанскім, але спяшаюся: ехаць трэба.

Гэта было ў 4 гадзіны раніцы. Мы усе гурмою праводзілі яго на пошту, дзе зноў з’явілася шампанскае і, развітаўшыся, пажадалі яму шчаслівай дарогі…

А. П. РАСПОПАЎ.
(«ЛіМ», № 8 за 1987 г.).