Магілёўская ратуша: сімвал стварэння і вандалізму

Юшкевіч, Віктар. Магілёўская ратуша: сімвал стварэння і вандалізму / Віктар Юшкевіч // Магілёўская праўда. — 1989. — 16 лістапада.

1679 год. Верасень, дзень чацвёрты. На Гандлёвай плошчы Магілёва ідзе малебен. Перад натоўпам радавых і імянітых гараджан восем чалавек з цяжкасцю апускаюць у глыбокую яміну вялізны камень. Над галовамі людзей ад кадзіла павісаюць духмяныя дымкі. Словы магістрацкага свяшчэнніка, дзякуючы яго магутнаму арганізму, даносяцца да кожнага вуха:

- Гэты камень першы ва угоду нашаму слаўнаму Госпаду Богу, які бласлаўляе мірскі будынак, дзе будзе вяршыцца боскі суд і сцішацца няправедныя рухі аблудных душ. У імя айца і сына…

Малебен стаў памятнай падзеяй для га­раджан, на ім прысутнічалі самыя галоўныя «магістрацкія папы і раднікі». Рассеяўся дымок ад кадзіла, разышліся імянітыя гараджане, і адразу закіпела работа. Майстры Феска, Грышка, Ігнат, Васька, Андрей — простыя муляры, але Вялікія майстравыя, нешта адмяралі палкай, крокамі і загадвалі землякопам:

- Тут капаць на 9 аршын! Тут — на пяць…

Праз Алейную і Шклоўскую брамы цягнуліся павозкі з цэглай, вапнай, бярвеннямі, жалезам, чарапіцай, пяском. Усё гэта акуратна ўкладвалася ў розных месцах з такім разлікам, каб было пад рукой. План ратушы Вялікія майстры зрабілі з улікам пажаданняў магістра і раднікаў. Яны хацелі, каб гарадская казна, суддзі, пісары, святліца для дакументаў, турма і склады знаходзіліся ў будынку, які б «радаваў вока і святліў душу». Такое пажаданне абумоўлена «модай» таго часу. К канцу XVI стагоддзя ўсе буйныя гарады мелі ратушы. Магілёў быў у іх ліку. Тым больш, 28 студзеня 1577 года ён атрымаў поўнае магдэбургскае права і меў самакіраванне. Ратушы горад будаваў раней, але драўляныя. Яны знішчаліся пажарамі. Апошняя знаходзілася на месцы сённяшняга Дома палітасветы і згарэла ў 1668 годзе. Таму магістрат вырашыў узвесці ратушу з цэглы, каб была яна вечнай.

Будавалі яе сумленна. Феска з таварышамі пільна сачыў за дабротным ста­нам матэрыялаў. Майстры самі прымалі цэглу і прастуквалі на звон кожную. Затым яны саставілі рэцэпт змацняючага раствору. У вапну, якая вытрымлівалася ў ямах толькі ім вядомы час, дабаўлялі жаўток яек, малако, гліну і пясок у прапорцыях, таксама вядомых толькі ім. Няпоўны год спатрэбіўся дзвюм арцелям муляраў для ўзвядзення асноўнага корпуса ратушы. Ёсць сведчанні, што ў 1680 годзе ўжо часткова выкарыстоўваліся магістра там некаторыя памяшканні. У 1681 годзе асноўны корпус ратушы быў пабудаваны. На яе пайшло 42,8 тысячы штук цаглін, 616 бочак вапны, 800 вазоў пяску, многа вялікіх каменняў. Дах пакрыты чарапіцай. Ратуша мела два ганкі, над якімі ўстаноўлены пазалочаныя флюгеры. Вокны былі зашклёныя. Столь умацавана глінай і мохам. У вялікай святліцы, якая лічылася галоўнай, зооблена кафельная печка. Дзверы – Дубовыя. На даху – таксама ветраніцы-флюгеры. Гарадскі мастак Апанас Пігарэвич напісаў ікону Святой Багародзіцы якая знаходзілася ў адной з залаў. Ён жа распісаў блакітнай фарбай ратушныя шчыты. Асвятляліся памяшканні свечамі. Зялёныя шторы і кафля на печах, іконы, партрэты польскіх каралёў і харугві цэхаў у спалучэнні з узорнай чысцінёй унутрана падцягвалі наведвальнікаў, выклікалі пачцівае трапятанне перад уладай. На першым паверсе былі вялікая святліца, у якой вяршыў суд войт, а таксама святліца, дзе захоўваліся дакументы магістрата. На другім паверсе — судовая святліца, у якой наладжвалі разборы спраў бургамістр і раднікі, зала для збору членаў магістрата і некалькі падсобных памяшканняў.

Пад ратушай знаходзіліся турма, казна і склады. Вокны першага і падвальнага этажоў закрываліся на ноч стаўнямі, аздобленымі мудрагелістым узорам з металу.

Звонку ратуша была атынкована. У 1682 годзе пачалося будаўніцтва вежы пад кіраўніцтвам майстра Ігната. Затым яго замяніў майстар з Быхава Крузберг. Ён давёў яе вышыню да 40 локцяў (26 м) у 1686 годзе, як здарылася бяда: па невядомай прычыне вежа рухнула. У час Паўночнай вайны новае няшчасце — ратуша згарэла. Дакументы, якія ў ёй знаходзіліся, здолелі вывезці ў Чарнігаў. Толькі ў 1773 годзе вежа зноў была ўзведзена і дасягнула 38 метраў. Цяпер ратуша вабіла вока сілуэтам архітэктурных ліній, чырвонай яркасцю даху, чысцінёй і святочнасцю. Той, хто ўязджаў у горад праз Алейную браму, з боку Дняпра, міжволі любаваўся гэтым цудоўным будынкам з пазалочанымі флю­герамі.

Такім было нараджэнне ратушы. А такой- яе гібель.

Ліпеньская раніца 1957 года. Па леваму баку Першамайскай вуліцы, якая саслізгвала з вала к Дняпру, ля разваленай гітлераўцамі ратушы завіхаюцца ваенныя. Перад сапёрамі пастаўлена баявая задача — да пачатку руху транспарту рвануць яе. Афіцэр у званні капітана чартыхаўся

- Ну і цэгла, што тая сталь! Выбіць ў сцяне паглыбленне для ўзрыўчаткі цяжэй , чым танк падбіць.

Капітан нерваваўся і паглядваў то на ўсё больш святлеючае неба, то на цывільных людзей, якія адбойнымі малаткамі падсякалі вежу. У іх таксама не ладзілася — зубкі малаткоў імгненна тупіліся. Брыгадзір гасразліковага ўчастка № 196 трас­та «Жалезабетонмантаж» М. Котаў незадаволена агрызаўся на падганяльныя рэплікі начальства:

- Каму толькі гэта вежа перашкаджае? Продкі ж яе будавалі.

Вежу вырашана аэваліць тросамі. Яны ўжо ўдаўкамі заціснулі яе верх. Па задуме, пасля ўзрыву ратушы, трактары пацягнуць тросы-ўдаўкі і «каланча» ў месцы падрубкі надломіцца…

У сапёраў нарэшце ўсё гатова. Гучыць прыглушаная каманда капітана:

- Усім ва ўкрыцце!

Людзі залеглі на адкосе вала. Сюды да узрыўной машынкі цягнуліся  правады. Капітан паклаў руку на ключ і яшчэ раз спытаў:

- Усе пакінулі аб’ект?

Атрымаўшы станоўчы адказ, ён на імгненне застыў. Аб чым ён думаў? Можа, яму было шкада дабіваць помнік архітэктуры? Ці прафесійнае апасенне аб надзейнасці кантакту з запалам прымусіла яго ўнутрана мабілізавацца? Дзесяткі вачэй насцярожана скіраваліся на яго руку, якая да пабялення касцяшак заціснула ключ. Паварот, другі. У паветры глуха ўхнула. Прыкметна здрыгануўся адкос. Усе, як па камандзе, узняліся і паглядзелі ў бок ратушы. Першыя промні сонца асвятлялі вялізнае шэрае воблака пылу. Пад лёгкім ветрыкам з Дняпра яно павольна зрушыла з месца і, распадаючыся на шматкі, чаплялася за бліжэйшыя дамы. Ратуша распласталася на зямлі грудамі цэглы. Нехта ціснуў капітану руку і ўзбуджана гаварыў:

- Ну і ювелір ты, капітан. Ніводная цагліна не скокнула ўбок. Майстар, што і казаць!

Вежа, аголеная з двух бакоў, здавалася яшчэ вышэйшай і прыгажэйшай. Але наспела і яе чарга. Трактарысты селі за ры­чагі двух магутных ЧТЗ і павольна рушылі іх да вежы. Зачэплены тросы-ўдаўкі. Яны нацягнуліся, як струны. Вежа трымалася, гусеніцы машын прабуксоўвалі. Трактары здалі назад і разам ірванулі наперад. Раздаўся хруст, і вежа з цяжкім гулам шмякнулася аб зямлю.

Старшы інжынер гаркамунгаса А. Гольд з палёгкай уздыхнуў: заданне выканана.

Гэта здарылася ў 5 гадзін 30 мінут. Раптам раздаўся чыйсьці голас:

- Глядзіце, які цуд!

Рабочы схіліўся над кавалкам будынка ратушы і разглядаў яго:

- Сцены ад узрыву разышліся па швах кладкі. Разломы ў асноўным па цэгле. Ну і раствор продкі рабілі!

Ён быў шчыра здзіўлены.

Праз чатыры гады на гэтым месцы ўзвысіўся няўклюдны сілуэт атракцыёна кола агляду.

Дзве гэтыя падзеі, цэнтрам якіх была гарадская ратуша, раздзяляюць 275 год. Але адрозніваецца не толькі час, a  і маральныя катэгорыі. Нашы продкі, будуючы ратушу, клапаціліся аб культурным і эканамічным баку сваёй дзейнасці. Яны стварылі важны адміністратыўны будынак, які верна служыў людзям стагоддзі, і выдатны гістарычны помнік грамадзянскага будаўніцтва. Ён увайшоў у сусветныя ката­логі каштоўнейшых архітэктурных форм. Прыкметны факт — некалькі год назад у Англіі выйшла марка з адлюстраваннем Магілёўскай ратушы.

Нашчадкі ж бязлітасна змялі з твару зямлі гэты выдатны помнік розуму і рук чалавечых. Зрабілі тое, што чалавецтва на­зывае агідным словам — вандалізм. Беларуская Савецкая Энцыклапедыя пазбягае гэтага эмацыянальнага тэрміну і дыпламатычна паведамляе:           «Помнік не збярогся». Чему ж такое здарылася ў горадзе, які славіцца ў гісторыі чалавецтва сваімі асветнікамі і вучонымі, друкарамі і майстрамі, развітай культурай і стваральніцтвам?

Каб зразумець гэта, варта спусціцца па прыступках часу на дзесяцігоддзі ўніз. Мы пакінулі з вамі ратушу ў 1733 годзе, адбудаваную і прыгожую, якая спраўна несла адміністрацыйную службу Магілёва. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Магілёў увайшоў у састаў Расійскай імперыі і стаў цэнтрам губерні. Ра­туша была карэнным чынам перабудавана, што каштавала казне 1401 рубель. 4 ліпеня 1778 года з ратушнай вежы раздаліся гукі труб. Трубачы абвясцілі гараджанам аб стварзнні Магілёўскага намесніцтва. На чале яго стаў граф Чарнышоў. Па яго загаду штодзённа, акрамя суботы і нядзелі, з 11.30 да 12.30 на вежы гралі труба і валторна. Па святах далучаліся іншыя інструменты.

Ратуша стала ўпрыгожаннем Магілёва. Пры сустрэчы царыцы Кацярыны II з імператарам Аўстрыі Францам-Іосіфам у 1780 годзе яны ўзняліся на вежу і аглядалі панараму Магілёва. У 1858 годзе на вежы ўстаноўлены гадзіннік. Да Кастрычніцкай рзвалюцыі ратуша выкарыстоўвалася ў якасці адміністрацыйна-кіраўніцкага цэнтра. 3 1901 года ў ёй размяшчалася гарадская ўправа.

Новы час, пачынаючы з 1917 года, прынёс сацыяльныя буры і войны. Грамадзянская вайна моцна прарэдзіла інтэлігенцыю. На ключавых кіруючых пастах сталі людзі, вылучаныя дыктатурай пралетарыяту і сялянскай масай. Яны сумленна ператваралі ідэі Кастрычніка ў жыццё, не заўсёды звяртаючы дастатковую ўвагу на культурнае будаўніцтва. Аднак пачуццё прыроднай мудрасці дазваляла ім прыслухоўвацца да парад адукаваных людзей, якіх не шмат, але захавалася ў горадзе. У Магілёве не былі разбураны культавыя будынкі. Ратуша ж пастановай Савета Народ­ных Камісараў БССР з жніўня 1926 года была ўзята пад ахову дзяржавы як выдатны помнік старажытнай архітэктуры. Яе вежа да пачатку Вялікай Айчыннай вайны выкарыстоўвалася ў якасці пажарнай каланчы, а ў памяшканні знаходзілася ваенная ўстанова.

Ратуша змагалася з гітлераўцамі. Паглядзіце ўважліва на здымак. Вежа прабіта снарадамі. Пасля выгнання фашыстаў у 1944 годзе там знайшлі астанкі чырвона-армейца І скурочаны кулямёт. У гады акупацыі ў ратушы размяшчалася пральня. У ёй дзейнічала падпольная арганізацыя.

З вайны будынак выйшаў зранены, але прыгодны да аднаўлення. У жніўні 1945 года дзяржаўная камісія абследавала ра­тушу і прапанавала ўзяць пад ахову дэяржавы, павесіць на ёй адпаведную дошку. Што і было зроблена: 16 кастрычніка 1947 г. ратуша, як каштоўнейшы помнік старажытнай архітэктуры, узята пад ахову дзяржавы. Ва ўмовах неймавернай пасляваеннай разрухі гараджане змаглі падлатаць яе дзіркі і трэшчыны, узвесці дах, Варта, аднак, зазначыць, што лёс ратушы больш цікавіў спецыялістаў з Мінска. Гэта і зразумела. У гады сталіншчыны моцна пацярпеў культурны генафонд рэспублікі. Становішча на месцах стала яшчэ больш трагічным пасля вайны з гітлераўцамі, у якой загінула многа прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Тыя, хто застаўся ў жывых, згрупаваліся ў Мінску і рабілі ўсё, што маглі, каб захаваць пакалечаную культур­ную спадчыну. Іх клопат быў і аб Магілёўскай ратушы. У 1951 годзе прадстаўнікі Мінскага інстытута «Белдзяржпраект» тт. Агароднікаў, Ільін саставілі каштарыс на яе рамонт на 412 тысяч 72 рублі 20 капеек. Пачалося паступовае аднаўленне ра­тушы. Быў умацаван фундамент, рыштаванні ўзняліся да другога паверха. Рабо­ты ішлі марудна, і гэта натуральна. Горад ляжаў у руінах, не было дзе жыць людзям. Дарагія былі кожная цагліна, дошка, цвік.

Якая ўжо тут увага да помнікаў. Такое становішча было ва ўсёй рэспубліцы. Там-сям наогул пачалі знішчаць разбураныя помнікі. Гэта адбывалася там, дзе ва ўладзе былі бескультурныя людзі, якія не маглі глядзець наперад і асэнсаваць каштоўнасць нацыянальнай спадчыны. У гэты перыяд у Магілёве, да шчасця, не было выпадкаў вандалізму. Больш таго, да спадчыны праяўляліся пэўныя клопаты. У абласной газеце «За Радзіму» 7 верасня 1952 года ў інфармацыі БЕЛТА «Рэстаўрацыя помнікаў архітэктуры» чытаем: «У Maгілёве аднаўляецца ўзведзеная ў XVII стагоддзі Нікольская царква, а таксама рату­ша, якая прадстаўляе вялікую цікавасць як пабудова грамадзянскага тыпу, звязаная з радам гістарычных падэей у жыцці Магілёва перыяду XVII—XIX стагоддзяў».

Праз год 11 верасня выканком гарсавета прыняў спецыяльнае рашэнне № 725 па ратушы: «Згодна з пастановай Савета Міністраў БССР ад 18 мая 19S3 года былая ратуша ў г. Магілёве аб’яўлена архітэктурным помнікам. На падставе выкладзенага выканком Магілёўскага гарсавета рашыў: 1. Абавязаць начальніка рамбудканторы тав. Агасяна закончыць аднаўленне былой ратушы да 10 енежня 1953 года. 2. Па заканчэнні рамонту гаркамунгасу ўзяць на захаванне былую ратушу як помнік архітэктуры.

Намеснік старшыні выканкома М. ГЕРДЗІЙ.
Сакратар М. БЕНДЗЕВА».

Праз чатьіры гады, калі жыццё стала лепей і здавался, што можна ўжо змахнуць пыл з помнікаў, у горадзе раздалзся каманда. Узляцелі ў неба ратуша, выдатнейшай архітэктуры пашкоджзныя вайной Богаяўленская, Пакроўская, Успенская цэрквы, езуіцкі калегіум і інш. Паколькі тэмай пошуку з’яўляецца лёс ратушы, мы прасочым яго і высветлім прычыну знішчэння гэтага някультавага помніка. Думаецца, што яна і будзе агульнай да ўсёй гэтай варварскай акцыі.

Лагічна, што знішчэнне будынка, які ахоўваецца дзяржавай, павінна быць дакументальна абумоўлена. Я звярнуўся ў абласны архіў і папрасіў яго загадчыка, чалавека дапытлівага і нераўнадушнага, Васіля ЯфімавІча Ігнацьева пашукаць у дакументах гарвыканкома звесткі аб гібелі ратушы. Праз некалькі дзён ён у роспачы паведаміў.

- Ніводнага слова няма аб знішчэнні. Hi ў пратаколах пасяджэнняў выканкома, ні ў іншых дакументах. Толькі рашэнне № 725 ад 1953 года аб узяцці ратушы на дзяржаўную ахову (прыведзена вышэй) і ўдалося знайсці.

Ну і ну! Знік вядомы помнік, а выканком і вухам не павёў. Васіль Яфімавіч скрупулёзна прагледзеў дакументы з 1953 года па 1958 — год магчымага знішчэння. Пошукі ўскладняліся з-за адсутнасці даты разбурэння ратушы. У каго ж высветліць яе? Ну, вядома, у мясцовых краязнаўцаў. Асечка: ні I. I. Філіповіч, ні А. С. Мігулін, былы дырэктар абласнога краязнаўчага музея, не змаглі дапамагчы. Мала што ўспомніў і загадчык аддзела гаркамун­гаса ў 50-я гады Б. I. Бараздзін.

Нічога істотнага не сказаў і былы намеснік старшыні гарвыканкама М. П. Гердзій. Ніхто з жыхароў не прыпамінае дакладнай даты: маўляў, дзесьці ратуша рухну­ла ў 1954 годзе ці ў пачатку 60-х.

I тут, здалося, заімжэла святло ўдачы. Калега з абласной тэлестудыі Святлана Карпякова прыпомніла, што калісьці ў ад­ной з передач удзельнічаў кіраўнік знішчэння ратушы. Яна дала дакладны адрес гэтага чалавека.

Знайшоў Абрама Юдавіча Гольда ў абласным аб’яднанні тэхнічнай інвентерызацыі. Ён ахвотна ўспомніў:

- Я працаваў старшым інжынерам гар­камунгаса. Мне даручылі кіраваць завалам вежы. Падрубілі падножжа адбойнымі малаткамі, а затым закінулі тросы і трактарам завалілі яе. Памятаю, гэта было а шостай гадзіне раніцы.

- У якім жа годзе? — я нецярпліва ўціснуўся ў яго расказ.

I тут ужо знаёмае:

- Не памятаю год. Быццам 55-ы…

Успамінае А. Ю. Гольд, што на рэстаўрацыю помніка асвоілі каля 100 тысяч рублёў, а затым загубілі яго.

- А прычына якая?

- Не ведаю, загадалі і ўсё. А загады ў той час выконваліся без абмеркаванняў. Чуткі, праўда, хадзілі, што спатрэбілася зручнае месца для атракцыёна «кола аг­ляду». Меркавалі, што можна ад яго вялікія грошы ў бюджэт атрымаць.

Апошняе сцвярджэнне — гэта ўжо фантазія, замешаная на даўнасці. Такая ле­генда існуе і сёння. Ініцыятыву разбурэн­ня ратушы яна прыпісвае аднаму чалавеку. Аб гэтым ніжэй, а каб паставіць кропкі над усім, і вельмі патрэбна дакладная дата знішчэння помніка.

А. Ю. Гольд парэкамендаваў пашукаць былога начальніка рамбудкантора Агасяна. Менавіта ён займаўся рамонтам ратушы і, як памятае, усё скардзіўся, маўляў, няма на што спісаць затрачаныя ўжо 10 тысяч рублёў. У адрасным стале я папрасіў знайсці адрас Агасяна. Але там каардынаты яго адсутнічалі. Пошук прывёў да Васіля Вікенцьевіча Пагоскага. У свой ча ён працаваў мулярам на аднаўленні ратушы. Васіль Вікенцьевіч падрабязна расказаў, як умацоўваў фундамент і сцены ратушы, а вось, калі яна была ўзарвана, ня памятае. Але яму хацелася дапамагчы пошуку. Пачаў разам з жонкай прыпамінаць таварышаў па рабоце. Так паявілася яшчэ адно імя:

- Цімох Крываносаў! — усклікнуў ён тут жа пацягнуўся да тэлефона.

Зноў безвынікова — на другім канці провада не маглі сказаць што-небудзь дакладнае.

Могуць быць дакументы яшчэ ў абласным упраўленні культуры. Інспектар Аляксандр Арсенцьевіч Пракоп’еў не суцешыў:

- Ёсць у нас два каштарысы на рэстаўрацыю ратушы, а дакумента, у якім абгрунтаваны яе знос, няма.

Я апытаў восем магіляўчан, якія жылі побач з ратушай, гулялі ў яе пакрэмсаных сценах. Чалавечая памяць, на жаль, не такая ўжо надзейная. Яна ўшчыльняе галоўныя падзеі ў яркія платы, выціскваючы іх дробныя штрыхі. Таму адна надзея на пісьмовае сведчанне, друкаваны радок. Менавіта яго і дапамагла знайсці старшы навуковы супрацоўнік абласнога краязнаўчага музея Таццяна Юр’еўна Шчарбакова Мы перагарталі з ёй каля 20 папак з рознымі дакументамі, пакуль не натыкнуліся на звычайны школьны сшытак. На ім рукой Таццяны Юр’еўны зроблен надпіс «Ратуша». Сярод 12 напісаных уборыстым почыркам старонак знайшоўся і так доўгі расшукваемы радок: «Па невядомых прычынах помнік архітэктуры ўзарваны ў 1957 годзе. Абгрунтаванне — газета «Советская Белоруссия» за 30 жніўня 1957 г. Аўтар кэрэспандэнцыі «Об этом забывать нельзя» М. Капельчык.

Пошук заканчваўся, але нешта недагаворанае працягвала турбаваць. Сусветны помнік бясследна знік — узарваны па невядомай прычыне. Таццяна Юр’еўна зразумела мой стан і параіла:

- Паспрабуйце пагаварыць з кандыдатам гістарычных навук Алегам Анатолье­вічам Трусавым. Ен працуе ў Мінску начальнікам аддзела комплексных даследаванняў інстытута «Белспецпраектрэстаўрацыя». Калісьці ён спецыяльна займаўся лёсам ратушы.

Я задаў Алегу Анатольевічу два пытанні: калі знішчана ратуша? Чаму?

Адказы былі кароткія:

- Магілёўскую ратушу ўзарвалі ў ліпені 1957 года на досвітку. Па якой прычыне? Ад невуцтва, бескультур’я, адсутнасці духоўнасці ў людзей, якія стаялі на чале партыйнай і савецкай улады ў горадзе.

Хто ж яны? Цяпер, ведаючы дату праяўленага вандалізму, мы легка ўстановім гэтых людзей. Разбурэнне выдатнага помніка звязваецца ў магілёве з былым старшынёй выканкома гарсавета Георгіем Якаўлічам Мануйлам. Сёння мы адзначаем усё ўзрастаючую цягу да ўсведамлення культурнай спадчыны. Мы шукаем нацыянальныя святыні, не знаходзім многія, а адкрываем усё часцей жудасныя факты варварства. У душах людзей супраць тых, хто здзейсніў іх, узнікае непавага і агіда. I калі яны датычацца Г. Я. Мануйлы, дык гэта несправядліва. Георгій Якаўлевіч з 1955 па 1961 год працаваў у абласным камітэце партыі інструктарам, а затым загадчыкам адміністрацыйнага аддзела. Паколькі ратуша знішчана ў 1957 годзе, то, натуральна, ён ніякага дачынення да гэтага злачынства не меў. Калі ж, у 1957 годзе Г. Я. Мануйла стаў старшынёй Магілёўскага гарвыканкома, то на пустыры, дзе калісьці была ратуша, устанавілі, атракцыён «кола агляду». 3 цягам часу чатырохгадовы разрыў паміж знішчэннем ратушы і ўстаноўкай атракцыёна паступова знік у людской памяці. Гэтыя дзве падзеі сталі ўспрымацца як адна.

Архіў сведчыць, што ў 1957 годзе, у сярэдзіне якога загублен выдатнейшы помнік старажытнай архітэктуры, гарадскі камітэт партыі і выканком гарсавета ўзначальвалі М. Л. Пінязік і К. I. Казлоў.

Няўмольны час усіх нас забірае з сабой. Мы пакідаем аб сабе толькі памяць — добрую ці благую. Сёння дакладна невядома, што штурхнула кіраўнікоў горада на няправедныя дзеянні. У гутарках з людзьмі, якія працавалі ў той час у гаркоме партыі і гарвыканкоме, праглядваецца прычына ракавога рашэння. Яна, відаць, прагматычнага плана. Стала відавочным, што жабрацкі бюджэт горада не пацягне рэстаўрацыю ратушы. Яна ж у лясах выглядела на цэнтральнай вуліцы горада не лепшым чынам. У спалучэнні з паўразбуранымі культавымі будынкамі — тым больш. Адзіным выйсцем у гэтай сітуацыі кіраўнікі горада палічылі разбурэнне непрывабных оставаў будынкаў. Адсутнасць асабістай культуры не дазволіла ім глянуць на праблему вачамі нашчадкаў. Такія людзі ва ўладзе небяспечныя. Яны – што аўтамабілі без тармазоў, якія не ў стане спыніцца перад перашкодай. I крушаць усё перад сабой без доўгіх разважанняў.

Памяць — сястра Феміды. Яны абедзве выносяць прыгаворы. I невядома, які бы­вае больш жорсткім. Таму, перш чым нешта зрабіць, варта памятаць мудрую перасцярогу — не пашкодзь!

Ратуша для магіляўчан стала сімвалам духоўнага абуджэння. I сімвалам вандалізму. Памяць аб помніку стымулюе цягу да нацыянальнай культурнай спадчыны, якая ўсё ўзрастае. I выспявае непераадольнае жаданне выправіць свой грэх, аднавіць ратушу. Праект даўно распрацаваны і ўжо састарэў у частцы будаўнічых норм. Яго пераробка цяпер пацягне тысяч на 30 рублёў.

Безумоўна, сёння ў Магілёве не хапае бальніц і рэстаранаў, мяса і жылля. Але ж не хлебам адзіным жыве чалавек.

1 2

Віктар ЮШКЕВІЧ.

На здымках: так выглядала Магілёўская ратуша ў 1901 годзе;
ратуша перад разбурэннем ў 1957 годзе.