Пушкін у Maгiлёве

Рудкоўскі, М. Пушкін у Maгiлёве / М. Рудкоўскі // Магілёўская праўда. — 1987. — 10 лютага.

Здаецца, мы Пушкіна бачым жывога,
“Здаецца, да нас ён сягоння прыйшоў
Ад царскіх ліцэяў, ад свету старога,
3 далёкае ссылкі вярнуўся дамоў.

I сёння знайшлі мы знаёмыя словы
На пыльных старонках архіўных тамоў
Аб тым, як хадзіў па камнях Магілёва
Паэт, сустракаючы блізкіх сяброў.

Так пачынае свой верш «Пушкін у Магілёве» паэт-зямляк Пятро Прыходзька. Нядаўна Пётр Фёдаравіч высту­паў перад жыхарамі нашага горада, і я пацікавіўся пра гісторыю верша, напісанага яшчэ ў 1949 годзе.

— Мяне вельмі захапіла рамантычная атмасфера тых падзей, якія адбываліся іменна ў нас, у Беларусі, і звязаны з імем вялікага паэта, — адказаў П. Ф. Прыходзька. — Да таго ж, у той год у краіне шыро­ка адзначалася 150-годдзе з дня нараджэння А. С. Пушкіна…

I вось сёння такая ж самая лічба на нашых календарах, але азначае яна апошні дзень паэта, калі паўтара стагоддзя на­зад «закацілася сонца рускай паэзіі».

Біёграфам Пушкіна адноўлены кожны дзень з жыцця паэта. Сабраны шматлікія дакументы, пісьмы, нататкі, успаміны. Ёсць сярод іх і звесткі пра тое, як паэт двойчы праязджаў праз наш горад. Вельмі скупыя — аб яго паездцы ў маі 1820 года ў паўднёвую ссылку. Іх пакінуў Іван Пушчын. Ён у гэты час вяртаўся з Бесарабіі ў Пецярбург. Ад наглядчыка адной з паштовых станцый перад Магілёвам ён даведаўся, што тут напярэдадні спыняўся Пушкін, які, здаецца, ехаў на службу на перакладных і быў у чырвонай кашулі з апаяскай і ў паяркавым капелюшы. У Магілёве, на станцьп, сустрэўшы фельд’егера, Пушчын пытаў у яго: ці не ведае ён што-небудзь пра Пушкіна. Але той нічога не мог паведаміць.

I толькі ў Пецярбургу Іван Пушчын даведаўся, што палітычную ссылку яго сябра замаскіравалі пераводам у паўднёвыя губерніі па службовых справах, дзе ён павінен быў знаходзіцца да асаблівых указан­няў.

Гэтыя «асаблівыя ўказанні» паследавалі толькі праз чатыры гады. Такім чынам, дарога, што праходзіла праз наш горад з поўдня на поўнач, зноў прыводзіць паэта ў Магілёў. I як здорава, што гэты факт досыць падрабязна засведчаны ўдзельнікамі той памятнай сустрэчы.

«6 жніўня 1824 года, — успамінаў афіцэр Лубенскага гусарскага палка, раскватараванага ў Магілёве, А. Распопаў, — калі перад манежам палкавая музыка іграла вячэрнюю зару, а публіка, карыстаючыся, святочным днём і прыемным надвор’ем, гу­ляла па Шклоўскай вуліцы, праязджала на паштовых, крокам, каляска; наперадзе ішоў нехта ў афіцэрскай фуражцы, шынель унакідку, у чырвонай шаўковай, рускага па­крою кашулі, апаясанай агагінікам. Каляс­ка павярнула па Ветранай вуліцы на пошту і я не марудзячы паспяшаўся ўслед за ёю, жадаючы даведацца, хто праязджае».

Свята, пра якое гаворыць Распопаў, бы­ло яблычным спасам. Увесь горад, які славіўся сваімі садамі (іх было больш за сот­ню), шчодра частаваўся сакавітымі пладамі.

Па-святочнаму ўрачыстым убачыў Пушкін наш горад. Багаты ўраджай яблыкаў наводзіў на думкі, што Арына Радзівонаўна будзе сёлета рупіць, каб удосталь назапасіць яго любімага ласунку — мачоных антонавак.

Неспадзявана ўрачыстай была і сустрэча паэта ў Магілёве. Распопаў, атрымаўшы здзівіўшыя яго звесткі, далей прыгадвае: «Я, ад радасці такой нечакаиай сустрэчы, ня ведаў, што рабіць; хуценька пабег да гуляючых са мной таварышаў паведаміць ім, што праязджае наш дарагі паэт А. С. Пушкін… Усе паспяшаліся на пошту… У захапленні, што паміж намі вялікі паэт Пушкін, мы ўзялі яго на рукі і аднеслі паблізу, на маю кватэру»…

Расказ досыць эмацыянальны і ўсхваляваны, хаця і запісаны значна пазней прыгаданых падзей. Таму не дзіўна, што расказчык ужо называе 25-гадовага Пушкіна вялікім паэтам, блытаточы, між тым, яго чын. Выязджаючы з Адэсы, Пушкін падпісваў адно са сваіх пісем «чыноўнік X класа, ка­лежскі сакратар». Ва ўспамінах — ён калежскі асэсар.

Усю ноч на кватэры Распопава і Куцінскага, які таксама пакінуў успаміны пра сустрэчу з паэтам, працягвалася бесклапотная сяброўская бяседа. Пушкін чытаў вершы, расказваў пра сябе, слухаў, чым жыве ў Магілёве «залатая моладзь» — князь Абаленскі, капітан Дамашнеў, прапаршчык Іваноў і іншыя, хто тут прысутнічаў.

На досвітку 7 жніўня (даты даюцца па старому стылю) Пушкін ад’язджаў з гасціннага горада на Дняпры. Неаднойчы затым паэт успамінаў Магілёў. Ва ўсялякім выпадку, яго імклівае пяро не раз выводзіла назву нашага горада. У першай кніжцы свайго «Современника» за 1836 год ён на­друкаваў рэцэнзію на «Збор твораў Георгія Каніскага, архіепіскапа Беларускага», дзе даў ацэнку нястомнай асветніцкай дзейнасці сапраўднага патрыёта і грамадзяніна. Расказваючы пра нялёгкі жыццёвы шлях, у якіх надзвычай цяжкіх умовах давялося змагацца Каніскаму супраць засілля «каталіцкага фанатызму», у артыкуле прыводзяцца два прыклады нападу на яго. Адзін быў учынен у Оршы, другі па месцы жыхарства Каніскага. «…Люты Зяновіч, які верхаводзіў езуіцкімі выхаванцамі, ноччу ў Магілёве напаў на архіярэйскі дом. Буйныя маладыя людзі ўламіліся ў вароты, перабілі вокны, паранілі некалькі манахаў, семінарыстаў і слуг, але, на шчасце, не знайшлі Георгія, які схаваўся ў падвалах свайго дома».

Сярод падрыхтоўчых работ да «Гісторыі Пятра», а таксама ў чарнавіку паэмы «Палтава» зноў успамінаедца старажытны горад на Дняпры.

Паводле падлікаў біёграфаў, А. С. Пушкін наездзіў 34 тысячы вёрст. Лёс яго быў бясконцай дарогай.

Долго ль мне гулять на свете
То в коляске, то верхом,
То в кибитке, то в карете.
То в телеге, то пешком?
Не в наследственной берлоге.
Не средь отческих могил.
На большой мне, знать, дороге
Умереть господь судил.

У дарозе ён бачыў нейкі фатум…

«Жонка мая вярталася з Магілёва і на адной са станцый, непадалёку ад Пецярбурга, убачыла простую фурманку, на фурманцы салону, пад саломай труну, абкручаную рагожай. Тры жандары мітусіліся на паштовым двары, былі ў клопаце пра тое, каб хутчэй перапрэгчы кур’ерскіх коней і скакаць далей з труной.

- Што гэта такое? — спытала мая жон­ка ў аднаго з сялян, якія знаходзіліся тут.

- А бог яго ведае што! Бач, нейкі Пушкін забіты»…

(А. В. Нікіценка «Нататкі і дзённік». 12 лютага 1837 г.)

Гісторыя нашага горада — найбагацейшая скарбніца. Трэба толькі ўмела выкарыстоўваць і распараджацца ёю. Горад, які ўпісаны ў летапіс жыцця А. С. Пушкіна, у летапіс яго дарог і сустрэч, мог бы мець помнік вялікаму паэту. Яны, дарэчы, ёсць і там, дзе ён ні разу не бываў. Вазьміце, скажам, Вільнюс ці Смаленск. Неабавязкова гэта павінна быць гіганцкае збудаванне. Meмарыяльны знак, бюст або скульптура, размешчаная ў такім месцы, каб яна стала цэнтрам традыцыйных у нашай краіне Пушкінскіх чытанняў, сустрэч з паэтамі, паэтычных вечароў, месцам іншых культур­ных мерапрыемстваў.

Мы наўмысна абыходзім увагай экземп­ляр тыражнай скульптуры ў скверы на праспекце Пушкіна, паколькі адсутнасць мастацкіх вартасцей ні ў якой меры не дазваляе атаясамліваць яе з вобразам паэта.

Затое ў таго ж Льва Гумілеўскага, аўтара мемарыяла «Барацьбітам за Савецкуіо ўладу» на Савецкай плошчы, ёсць цудоўная ра­бота, бясспрэчная творчая ўдача апошніх гадоў. Пушкін як бы падгледжан мастаком у часы высокага натхнення. Уся постаць па­эта надзвычай лёгкая і летуценная. Нездарма з першай жа выстаўкі скульптура была набыта адным з пушкінскіх музеяў.

Думаецца, што пасля аб’яўлення конкур­су знайшліся б энтузіясты і сярод маладых мастакоў, скульптараў, архітэктараў, паколькі вельмі ўжо дарагі гэты вобраз сэрцу кожнага чалавека.

Вынесем гэта пытанне на суд чытачоў і пакінем адкрытым. А завершым артыкул апошняй страфой верша, прыведзенага ў пачатку:

Ты мужна змагаўся.
Цяжкі і суровы
Свой век у пакутах пражыў нездарма.
Гучаць твае словы на ўсіх нашых мовах:
«Да здравствует солнце!
Да скроется тьма!».

М. РУДКОЎСКІ.