Ёсць кантакт на «М@rt.Кантакт»

Мінакова, Л. Ёсць кантакт на «М@rt.Кантакт» : [тэатральны фестываль у Магілёве] / Л. Мінакова //Беларусь.Belarus. — 2014. — № 6. — С. 54.

У Міжнародным маладзёжным тэатральным форуме « M@rt.Kaнтакт» сёлета ўдзельнічалі прадстаўнікі дзевяці краін. З Англіі ды Італіі — упершыню. У сямідзённую праграму ўключана каля дваццаці спектакляў. I хоць фестывальная афіша стракацела класікай — «Фауст», «Гамлет», «Кароль Лір», «Злачынства і пакаранне», аднак большасць нават гэтых пастановак была далёкая ад традыцыйнай сцэнічнай трактоўкі.

Маладзёжны тэатральны форум « M@rt.Kaнтакт» — гэта заўсёды крэатыў, неардынарныя інтэрпрэтацыі і незвычайны погляд. Напэўна, таму гледачы так жадаюць патрапіць на яго спектаклі і загадзя раскупліваюць білеты.

— Гэты фестываль займае асаблівае месца ў тэатральным жыцці краіны, — падкрэсліў міністр культуры Барыс Святлоў. — У яго свой унікальны фармат. Гэта праект аб моладзі і для моладзі, а значыць, у яго вялікая будучыня. Бо менавіта тут куецца патэнцыял тэатральнага мастацтва Беларусі, фарміруецца новая сучасная мова тэатра.

У праграму цяперашняга фестывалю былі ўключаныя польскі монаспектакль МіГка па матывах рамана Міхала Вальчака «Пясочніца», дзе аўтарам інсцэніроўкі, рэжысёрам і акцёрам у адной асобе выступаў Кшыштаф Грабоўскі; страшная казка нанач «Бясстрашны пан» ад Расійскага акадэмічнага маладзёжнага тэатра; англійская фантазія The beautiful на аснове тэкстаў Рэмба, Іанеска, Дзюра-са, Маркеса, Булгакава, Плата і Сэндберга; нямецкі спектакль-кабарэ «У бары «У кракадзіла» і іншыя пастаноўкі.

На многіх спектаклях у глядзельнай зале ў літаральным сэнсе не было дзе яблыку ўпасці.

— Падчас паказу «Караля Ліра» ў пастаноўцы вядомага літоўскага рэжысёра Лінаса Зайкаўскаса некаторыя гледачы ўсе тры акты стоячы назіралі за падзеямі на сцэне, – засведчыла магілёўская студэнтка Маргарыта Кавалёва.

— Спектакль сапраўды цікавы і захапляльны. Выдатна іграюць акцёры – імкнешся не ўпусціць кожную эмоцыю, кожнае слова, кожны жэст. Мінімум дэкарацый, але іх было дастаткова для стварэння неабходнай атмасферы. Выкарыстоўваліся нават звычайныя камяні. Агульнае ўражанне ўзмацнялі музычнае і светлавое суправаджэнне.

Арыгінальныя пастаноўкі прадставілі і беларускія трупы. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага адкрыў форум музычнай трагікамедыяй «Аракул?..» па п’есе Андрэя Макаёнка «Зацюканы апостал». Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі прыехаў на форум з новым прачытаннем народнай трагедыі «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы. Сталічны тэатр танца SKVO’S dance company падрыхтаваў танцавальны перформанс Happy Valentine. А Магілёўскі абласны драмтэатр вырашыў здзівіць гледачоў драмай «Фрэкен Жулі». Дарэчы, гэтаму тэатру як гаспадару форуму Барыс Святлоў уручыў ад імя Міністэрства культуры спецыяльны сертыфікат на сто мільёнаў беларускіх рублёў — гэтыя грошы пойдуць на пастаноўку спектакля «Свае людзі — злічымся!»