“М.@rt.кантакт-2018″: са словамі і без слоў

Мальчэўская, Алена. “М.@rt.кантакт-2018″: са словамі і без слоў / Алена Мальчэўская // Літаратура і мастацтва. — 2018. — 13 красавіка. — С. 13.

Савецкая мэблевая сценка, адрыўны каляндар, тэлевізійны серыял…

З чаго толькі не паўстаюць сучасныя спектаклі. Пабачыць працэс панарамна — заўважыць тыя незвычайныя кропкі, ад якіх адштурхоўваюцца думкі стваральнікаў, і прасачыць вектары руху — чарговы раз дазволіў Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «М.@rt-кантакт», што прайшоў у Магілёве.

ПА ПАРАДКУ НУМАРОЎ

Праграму сёлетняга форуму ўмоўна можна было б падзяліць на тры часткі. Першая — спектаклі-май- стар-класы для маладых дзеячаў тэатра. Гэта і адна з апошніх работ легенды літоўскага тэатра Эймунтаса Някрошуса «Майстар голаду» паводле навелы Франца Кафкі, дзе рэжысёр паўстае для гледачоў нечакана лаканічным ды нечакана іранічным. I вытанчанае кабарэ «Магадан» ад мастацкага кіраўніка маскоўскага тэатра «Каля дому Станіслаўскага» Юрыя Паграбнічкі.

Другая, дыяметральна супрацьлеглая першай, частка — дыпломныя і вучэбныя работы студэнтаў. Гледачы пабачылі прозу Андрэя Платонава ва ўвасабленні Тэатральнай майстэрні Генадзія Трасцянецкага (Ра- сійскі дзяржаўны інстытут сцэнічных мастацтваў). Колішнія студэнты сумеснага курса рэжысёраў ды мастакоў Дзмітрыя Крымава і Яўгена Камяньковіча (РАТИ-ГИТИС) Філіп Вінаградаў і Алякеей Размахаў прадставілі свой незалежны тэатральны праект «Двое», які паўстаў з дыпломнай работы. «Двое» нрысвечаны жыццю і творчасці Аляксандра Грыбаедава. Ствараль- нікі спектакля камунікуюць з залай у папулярным сёння жанры сторытэлінгу (калі пэўная, часцей навучальная, інфармацыя даносіцца да гледача шляхам захапляль- нага расповеду) і з дапамогай неймавернай колькасці гаджэтаў ды ноўтбукаў. Беларускія студэнты з Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў пад кіраўніцтвам Таццяны Трая- новіч прадставілі на форуме сучасную беларускую драматургію — п’есу Віталія Каралёва «Москау дрымін», прысвечаную эміграцыі.

Трэцяя ж і самая вялікая частка праграмы форуму — гэта знакавыя работы маладых дзеячаў тэатра ды тэа­тральны авангард. I менавіта яна выступае падставай для пошукаў адказу, што можа чакаць нас у зусім недалёкай тэатральнай будучыні.

СТАРЫЯ СЛОВЫ

Крылатае выслоўе пра добрага рэжысёра, які можа паставіць нават тэлефонную кнігу, сёння вартаўспрымаць не толькі метафарычна, але і літаральна. Спектакль Дзмітрыя Валкастрэлава «Разенкранц і Гільдэнстэрн» (Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны тэатр юных гледачоў імя А. А. Бранцава) паўстаў са спалучэння тэксту абсур- дысцкай п’есы Тома Стопарда «Разенкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя» ды матэрыялаў з савецкага адрыўнога календара, накшталт займальных фактаў, статыстыкі ды цытат генсека Чарненкі.

Эпізадычныя героі Шэкспіра і галоўныя героі Сто­парда — сябры Гамлета Разенкранц і Гільдэнстэрн — звыкла пачынаюць гуляць у арлянку. Аднак апранутыя яны ў стандартный савецкія мужчынскія касцюмы, сядзяць паабапал шахматнай дошкі, а хранатоп спекта­кля вызначаны датамі вядомага матча паміж Анатолем Карпавым і Гары Каспаравым, што адбываўся з верасня 1984-га па люты 1985-га. Але ж ніводная фігура на дошцы так і не паходзіць — Разенкранц і Гільдэнстэрн гуляюць рэплікамі: стопардаўскімі, савецкімі.

Паколькі адпраўным пунктам, з якога за акцёрамі па­чынаюць рухацца гледачы, усё ж з’яўляецца абсурдысц- кая п’еса, міжволі згадваецца выказванне Камю пра тое, што пачуццё абсурду можа напаткаць чалавека на лю­бым павароце любой вуліцы. Гэта і здараецца з залай. Разенкранц і Гільдэнстэрн дэманструюць на сцэне не толькі міжасобасны канфлікт, але і канфлікт анталагіч- ны, абсурдысцкага і рацыянальнага ўладкавання свету. I шахматная партыя тут — спроба выратавацца, знайсці хоць нейкае лагічнае вытлумачэнне таму, што адбыва- ецца навокал. Спроба зразумець тое, на разумение чаго ў многіх сыходзіць цэлае жыццё…

Асобнай увагі заслугоўвае тэкст зманціраванай Дзмітрыем Валкастрэлавым п’есы. Пару дзесяцігоддзяў таму краевугольным каменем новай драматургіі стала жывая размоўная мова, што праявіла на сцэне сучаснас- ць. Валкастрэлаў скарыстоўвае прыём, але змяняе ўвод- ныя. Мінулую эпоху для нас праяўляе мова савецкай перыёдыкі. Мантаж факусіруецца не на надзвычайным, а на надзённым. Сярод «дуэльных» рэплік: правілы вы- карыстання слоў «турысцкі» і «турыстычны», камуні- стычныя тэзісы, карысныя парады пра тое, як лепш мыць галаву, сказ пра Ляўшу… У гэтым калейдаскопе праяўляецца нашае мінулае, водгаласам бачыцца наша сучаснае і канчаткова авалодвае гледачом адчуванне таго, што светаўладкаванне не разгадаць і не вытлума- чыць.

НОВЫЯ СЛОВЫ

Сёлетняя праграма форуму традыцыйна абазначыла цікавасць да новай драматургіі. Адным з самых яркіх спектакляў гэтага блока стаў «Тата, ты мяне любіў?» кіеўскага тэатра «Залатыя вароты». Рэжысёр Стас Жыркоў увасобіў вядомую п’есу беларускага драма­турга Дзмітрыя Багаслаўскага «Ціхі шэпт сыходзячых крокаў». Інтэрпрэтацыйны рэжысёрскі акцэнт кідаецца ў вочы ўжо ў змененай назве. Для Жыркова ў гэтым тэксце самым важным становщца менавіта гэта пытанне.

Адказы, што не знайшліся ў свеце жывых, пасля смерці таты пакутліва шукаюцца ў царстве мёртвых.

Бо як жыць, калі за столькі гадоў так і не зразумеў: любіў цябе бацька ці не? Спроба вызначэння жанру рэжысёрскага аповеду прыводзіць да неалагізму — снавідчы рэалізм. Дзеянне адбываецца недзе на мяжы рэальнага і ірэальнага светаў. Ва ўласнай тэатральнай прасторы «Залатыя вароты» працуюць у чорнай зале-пенале на адлегласці выцягнутай рукі ад гледачоў, ствараючы асаблівы эфект прысутнасці. На выязных паказах сцэнаграфію адаптуюць, і заднікам спектакля становіцца савецкая мэблевая сценка, каля якой вырас і пражыў значнуто частку жыцця кожны з нас. Рэдзі-мэйд дэкарацыя з яе архетыповым увасабленнем ладу нашага жыцця выступае той паяднальнай сілай, што працуе не горш за прастору, дзе глядач становіцца суакцёрам.

Новыя словы, безумоўна, вымагаюць новых пастановачных рашэнняў. I адным з кірункаў у апошнія дзесяцігоддзі становіцца інструментарый іншых сфер мастацтва. Напрыклад, кіно. У межах праграмы фору­му быў прадстаўлены спектакль Талгата Баталава «Пустэча» паводле п’есы Максіма Чарныша (Цвярскі тэатр юнага гледача). Ключом да вырашэння гэтага тэксту пра пустэчу, народжаную ў душы сучаснага чалавека офісным ладам жыцця, стала выкарыстанне жанравых законаў тэлевізійнага серыяла — сітуацыйнай камедыі. У сіткоме дзеянне яднаецца асноўнымі персанажамі і месцам, але сюжэтныя лініі захоўваюць пэўную аўта- номнасць, часам выкарыстоўваюцца сродкі выразнасці мыльных опер. Баталаў дакладна вытрымлівае гэтыя жанравыя каноны і дазваляе гледачу адчуць радасць пазнавання не толькі за кошт сюжэта пра офіснае раб­ства, асобасны крызіс, пошукі ды страту каханых, але і за кошт добра знаёмых серыяльных законаў, што робяць элітарнае тэатральнае ма­стацтва болын зразумелым для шараговых аматараў.

БЕЗ СЛОЎ

Было б не зусім дакладным сказаць, што ў спектаклі славацкай арт-групы «Мёд і пыл» «Прыўкраснае і жахлівае» няма слоў. Ёсць — тэкст песняў, дэкламацыя санета ІІІэкспіра. Аднак генеральна гэтая работа, канечне ж, мае перфарматыўна-медытатыўны харак- тар, і на тое, каб вы шукалі сэнсы ў словах, рэжысёр Андрэй Калінка дакладна не спадзяецца. На працягу гадзіны глядач назірае за калейдаскопам дзеянняў у арт-прасторы (у Магілёве быў абраны Музей П. В. Масленнікава). Дзеянні правакуюць гледачоў на эмацыянальнае і рацыянальнае ўспрыняцце. Толькі ўласны пачуццёвы вопыт дазваляе стаць часткай песні, што, рухаючыся ці седзячы, выконваюць акцёры. Удар гонгу фізічна адгукаецца рэхам недзе ў тваёй грудной клетцы. Са зменай эпізодаў перажываеш змену эмоцый — цікаўнасць, трывогу, радасць. Адначасова «Прыўкраснае і жахлі- вае» паддаецца і звыклай рацыянальнай дэшыфроўцы. Сваім спектаклем Калінка сцвярджае дуалізм свету ўвогуле і звяртаецца дамастацтва ў прыватнасці. Што ёсць прыўкраснае і жахлівае ў мастацтве? Ці можам мы карыстацца гэтымі катэгорыямі ў дачыненні да ма­стацтва? Адзін з самых моцных аргументаў у гэтых разважаннях — сцэна спектакля, дзе на экране з’яўляюцца праекцыі рознастылёвых і розначасовых рэпрадукцый сусветна вядомых твораў. У адным шэрагу — адраджэнскія лікі ды славутая вавёрка-самазабойца Маурыцыа Катэлана. I раптам ты разумееш усю недарэчнасць пытання «Ці можа сучаснае мастацтва стаць побач са славутымі ўзорамі мінулага?» і безумоўную арганічнасць такога суседства.

I КРЫХУ ГАМЛЕТЫЗМУ

Варта адзначыць удалае ўкладанне праграмы XIII Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму «М.@rt.кантакт». Апроч таго, што арганізатарам удалося лагічна аб’яднаць досыць розныя ўзроўні і стылі, «М.@rt.кантакт» не страціў, а толькі памножыў сваю ролю аднаго з інкубатараў, што дазваляюць новым ідэям арганічна прыжыцца ў беларускай тэатральнай прасто­ры. Так, гэтым разам заўважна тэндэнцыя адмаўлення рэжысёраў ад працы з гатовым драматургічным матэрыялам і схільнасць да сачыніцельскага тэатра, міждысцыплінарны падыход да стварэння спектакля і ак- тыўнае выкарыстоўванне выразных сродкаў і інстру- ментарыю іншых відаў мастацтваў. Ну, а што тычыцца сэнсавых ідэй, то гэта бясконцае ўгляданне ў сучасны свет, пры дакладным разуменні яго неспасцігальнасці. Адна з гераінь кабарэ «Магадан» сказала: «Для мяне пы­танне пра сэнс жыцця застаецца адкрытым…»

Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ