Фота вяртае ў гісторыю

Зігуля, Н. Фота вяртае ў гісторыю : у Музеі гісторыі Магілёва адкрылася выстаўка фотамайстра Ірыны Савосінай, прысвечаная 100-гадоваму юбілею “Магілёўскай праўды” / Нэлі Зігуля // Звязда. – 2018. — 28 сакавіка. — С. 3. 

У музеі гісторыі Магілёва адкрылася выстаўка фотамайстра Ірыны Савосінай, прысвечаная 100-гадоваму юбілею «Магілёўскай праўды».

У журналістыцы Ірына болей за 45 гадоў, 20 з якіх аддала рабоце ў абласной газеце. Назва яе выстаўкі — «Вяртаючыся да надрукаванага». Гэта зварот да тых публікацый, якія ўбачылі свет на старонках выдання.

— Калісьці 100-годдзе «Магілёўскай праўды» здавалася мне вельмі далёкай будучыняй, а нядаўна, калі святкавалі гэты юбілей, узнікла жаданне праілюстраваць падзею. Сімвалічна выбрала 100 фотаздымкаў. Выбар быў жорсткі: фотаздымкі павінны былі быць цалкам натуральнымі, без выкарыстання фоташопа. Таму я выбірала кадры, у якія не трэба было ўмешвацца, — кажа аўтар.

У выставачнай зале музея гісторыі Магілёва быццам матэрыялізаваліся пераломныя 90-я. Канцэрты, святы, наступствы чарнобыльскай трагедыі, гарадскія фотазамалёўкі, пярэстыя рыначныя палаткі першых у гісторыі краіны прадпрымальнікаў — жыццё ва ўсёй сваёй разнастайнасці і існасці… Шмат фота з прызыўнога пункта — у іх столькі эмоцый і пачуццяў, што настрой адчуваецца проста фізічна. Жудасныя здымкі з комінамі ад згарэлых дамоў у вёсцы Калюга Глускага раёна. У 1992 годзе было вельмі спякотнае лета, вогненная стыхія хваляй пракацілася па вёсцы, пакінуўшы людзей без жытла. Нават здымаць было цяжка і рызыкоўна, успамінае аўтар. Потым вёска адрадзілася, зараз фота — адзіны напамін пра тое страшнае няшчасце.

— 90-я гады былі багатымі на падзеі, — успамінае Ірына. — Прапанаваныя ў гэтым праекце тэмы былі адлюстраваныя на старонках «Магілёўскай праўды» і яе дадатку «Дняпроўская нядзеля» адным або некалькімі фотаздымкамі. Зараз ёсць унікальная магчымасць да іх вярнуцца.

28-42_kopiya_0

Нэлі ЗІГУЛЯ