Да патрыятызму – праз музей

Сінькевіч, Г. : у Магілёўскім дзяржаўным прафесійным агралесатэхнічным каледжы імя Арлоўскага вялікую ўвагу ўдзяляюць грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2018. — 4 верасня. — С. 7. 

У Магілёўскім дзяржаўным прафесійным агралесатэхнічным каледжы імя Арлоўскага вялікую ўвагу ўдзяляюць грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў.

Навучальная ўстанова размясцілася ў вёсцы Буйнічы, дзе на пачатку Вялікай Айчыннай вайны ішлі самыя жорсткія баі па абароне Магілёва. Вучні захоўваюць памяць пра тыя падзеі, прымаючы самы актыўны ўдзел у доглядзе мемарыяльнага комплексу “Буйніцкае поле”. Дзеці таксама плённа супрацоўнічаюць з ветэранамі вайны, аказваючы ім усялякую падтрымку. А некалькі гадоў назад сіламі педагогаў і навучэнцаў на тэрыторыі каледжа быў адноўлены нямецкі ваенны дот і створана маштабная музейная экспазіцыя.

Аднаўленнем дота займаліся майстар вытворчага навучання Віктар Куцапалаў і яго вучні. Потым да гэтай справы далучыліся ўсе навучэнцы і педагогі. Зараз экспазіцыя ўяўляе сабой сетку акопаў, назіральную вышку, зямлянку, алею герояў, гарматы. Прадстаўлена тут і ўся інфармацыя аб баях па вызваленні вёскі Буйнічы, баі каля гэтага дота.

— Магілёў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вызвалялі практычна аднагодкі нашых навучэнцаў. Напэўна, таму іх подзвігі вельмі ўразілі дзяцей. Штогод яны робяць рэканструкцыю тых баёў. Гэта найлепшым чынам дазваляе ім зразумець сутнасць патрыятызму, мужнасці, гераізму, — адзначыў дырэктар каледжа Георгій Маліноўскі.

Дарэчы, мясцовы педагагічны калектыў працягвае развіццё ваеннай экспазіцыі. Нядаўна тут адкрылі музей творчасці Канстанціна Сіманава. Цяпер у найбліжэйшых планах — стварэнне музея ваеннай тэхнікі, якая вызваляла Магілёў.

— Аднавіўшы дот, мы стварылі экспазіцыю, якая паказвае моц нямецкіх войскаў. Зараз мы вырашылі паказаць моц Савецкай арміі. З дапамогай нашых спонсараў ужо ідзе ўстаноўка пліт для будучай пляцоўкі ўзораў ваенных машын. Навучэнцы разам з педагогамі аднаўляюць машыны па чарцяжах і малюнках з інтэрнэту. Мы прадставім мадэлі легендарнай “Кацюшы”, танкаў і іншай тэхнікі менавіта часоў вайны. Той тэхнікі, якая ў 1944 годзе пераможна ўвайшла ў Магілёў, — адзначыў Георгій Мікалаевіч.

Адкрыць новую экспазіцыю плануюць вясной наступнага года. Па меркаванні кіраўніцтва ўстановы, такія музеі вельмі спрыяюць павышэнню цікавасці да вывучэння ваеннай гісторыі, фарміраванню патрыятызму ў падрастаючага пакалення.

hevdg640

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.