Падзвіжнік, што ніколі не скажа “хопіць”

Трэгулава, З. Падзвіжнік, што ніколі не скажа “хопіць” : [у музеі Вітольда Бялыніцкага-Бірулі адкрылася выстава, на якой былі прадстаўлены творы з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі] / Зельфіра Трэгулава ; гутарыў Пётра Васілеўскі // Культура. – 2018. — 20 кастрычніка. — С. 6. 

 Падчас Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Музеі Вітольда Бялыніцкага-Бірулі адкрылася выстава, на якой былі прадстаўлены творы з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі. Беручы да ўвагі значнасць падзеі, да якой прымеркавана выстава, у Магілёў прыехала генеральны дырэктар Траццякоўкі Зельфіра ТРЭГУЛАВА. Карыстаючыся выпадкам, карэспандэнт “К” пагутарыў з ёю на актуальныя для “храмаў муз” тэмы.

— Зельфіра Ісмаілаўна, ёсць павер’е, што гарады паміраюць, як толькі перастаюць расці. А музеі? Ці можна ўявіць сітуацыю, што музейшчыкі скажуць самім сабе “хопіць”? Маўляў, у нас цалкам укамплектаваныя фонды, цудоўная экспазіцыя, нам утульна ў існым стане, нам не трэба новых плошчаў і ідэй. Будзем жыць за кошт таго, што ўжо маем.

— Такое нават уявіць немагчыма!

— Траццякоўка пачыналася як прыватная калекцыя, а сёння гэта найбуйнейшы музей краіны.

— Удакладню: Траццякоўская галерэя — найбуйнейшы музей рускага мастацтва. Найбуйнейшым музеем Расіі з’яўляецца Дзяржаўны Эрмітаж, а па колькасці адзінак захоўвання — Дзяржаўны гістарычны музей.

— Пры такім статусе і маштаб праблем адпаведны. Як вы іх вырашаеце?

— Мяркую, тое, што мы робім, само за сябе сведчыць, ці дбаем пра будучыню. З таго часу, як я прыйшла ў музей спецыялістам па рускім мастацтве ХХ стагоддзя, адбыліся вялікія змены. Нам удалося ператварыць пляцоўку, дзе гадоў пяць таму можна было гукаць “Ау!”, а ў гардэробе зімою вісела хіба дваццаць паліто, у месца, куды імкнецца велізарная колькасць людзей. Да нас стаяць чэргі. У нас адбываюцца выставы, якія прыцягваюць па 600 тысяч гледачоў. Падкрэслю: гэта лічба наведвальнікаў адной канкрэтнай выставы, а не статыстыка за год!

Сёння ў Траццякоўку прыходзяць бацькі з дзецьмі, нават з зусім маленькімі: у нас можна прабавіць палову дня і нават больш. Паглядзеўшы пастаянную экспазіцыю ці чарговую выставу, наведвальнік спускаецца папіць кавы, слухае лекцыю, глядзіць кіно, заходзіць у цудоўную музейную краму, якая для нас — значная крыніца прыбытку.

У цёплую пару года ёсць магчымасць адпачыць у не так даўно адрэстаўраваным двары музея плошчай чатыры тысячы метраў. Прычым на яго рэстаўрацыю не было патрачана ні капейкі дзяржаўных сродкаў! Мы маем дамоўленасці з шэрагам кампаній, якія ахвотна нас падтрымліваюць Падтрымліваюць — бо бачаць, наколькі важна для людзей і грамадства тое, што мы робім.

— А як пачуваецца гістарычны будынак Траццякоўкі?

— Як мае быць. Пасля таго, як у сярэдзіне 1980-х у адной з залаў галерэі абваліўся велізарны кавалак столі, гістарычны будынак закрыўся на дзесяцігадовую рэканструкцыю. Зразумела, мы не хочам дачакацца таго моманту, калі нешта падобнае адбудзецца і на Крымскім вале. Гэты выставачны комплекс цяпер у складаным тэхнічным стане. З моманту адкрыцця ў 1987 годзе там не было капітальнага рамонту. Будынак мае патрэбу ў рэканструкцыі.

— Дзейнічаеце на папярэджанне?

— Так. Рэканструкцыя выставачнага комплексу на Крымскім вале наспела даўно. Там адсутнічае музейная інфраструктура, якая б адпавядала сённяшнім патрэбам. У наяўнасці адзін маленечкі пасажырскі ліфт на чатыры чалавекі. У яго з цяжкасцю ўязджае інвалідная каляска. Не надта зручная і планіроўка. Не стае прасторы, у прыватнасці, для адукацыйных праграм. Сёння ж музей — гэта не толькі экспазіцыя і фонды. Каб пашырыць сваю аўдыторыю, мы ладзім фестывалі, канцэрты, тэатральныя і літаратурныя імпрэзы. Усё гэта — частка праграмы комплекснага ўздзеяння на гледача. А пад такую праграму патрэбна і адпаведная інфраструктура.

Мы актыўна займаемся гэтым пытаннем, шукаем сродкі на праектаванне. Што тычыцца самой канцэпцыі рэканструкцыі пляцоўкі на Крымскім вале, дык яе мы ўжо абаранілі перад Апякунскай радай музея, а нядаўна прадставілі і шырокай грамадзе. Канцэпцыя створана выдатным дойлідам сучаснасці галандцам Рэмам Колхасам, які працуе разам з архітэктурным бюро “Рэзерв” на чале з Уладзімірам Плоткіным.

Зараз ужо наспеў час думаць, куды перавозіць размешчаную на Крымскім вале калекцыю, калі распачнецца рэалізацыя праекта, і будынак закрыецца на рэканструкцыю, якая зойме чатыры — пяць гадоў.

— У Траццякоўцы захоўваецца нямала работ беларускіх мастакоў. Ці часта яны выстаўляюцца?

— Так, прычым работы вельмі значныя — скажам, славутая “Партызанская мадонна” Міхаіла Савіцкага. Пастаянна паказваем гэтыя калекцыі. Не так даўно рабілі выставу разам з Азербайджанам, зараз адкрываем у Эстоніі. Мы аб’ядноўваем у рамках нашых экспазіцый тое, чым валодаем самі, і тое, што знаходзіцца ў нацыянальных музеях тых краін, якія калісьці ўваходзілі ў склад Савецкага Саюза.

— Як вы ацэньваеце патэнцыял нашага Нацыянальнага мастацкага музея?

— Мы невыпадкова так інтэнсіўна з ім супрацоўнічаем. За апошнія дзесяць гадоў прывезлі ў Мінск некалькі выстаў, пачынаючы з “Палоннікаў прыгажосці” ў 2008 годзе. Потым быў цудоўны праект “Праваслаўныя іконы Расіі, Украіны, Беларусі”. У 2015 годзе, калі я стала дырэктарам Траццякоўкі, мы прывезлі ў Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь выставу рускага пейзажнага жывапісу ад рэалізму да імпрэсіянізму. І ўвесь час мы звяртаемся да калег з Мінска з просьбай прадставіць на нашыя вялікія рэтраспектывы творы са збору Нацыянальнага мастацкага музея. У прыватнасці, мы звярталіся да мінскіх калег па творы Несцерава, Шышкіна, Сярова… Не так даўно ў нас адкрылася і з велізарным поспехам праходзіць выстава Архіпа Куінджі. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі прадаставіў на яе чатыры творы. У наступным годзе плануем выставу Рэпіна — і таксама спадзяёмся на плённае супрацоўніцтва.

— Але, здавалася б, вашы зборы — папраўдзе найбагацейшыя…

— Так, але ў вас таксама цудоўная калекцыя! Яна стваралася ў тыя гады, калі яшчэ можна было купіць у спадкаемцаў і калекцыянераў творы, якія засталіся за рамкамі збораў Траццякоўскай галерэі і Рускага музея. І яны надзвычай удала дапаўняюць тое, што захоўваецца ў Маскве і Санкт- Пецярбургу. Дзякуючы ім кананічны вобраз таго ці іншага мастака набывае новыя рысы.

— І як сведчыць гэтая выстава, вы таксама шчодра дзеліцеся сваімі здабыткамі.

— Нашы карціны на выставе ў Магілёве — гэта першы выпадак, калі работы з фондаў Траццякоўскай галерэі экспануюцца ў рэгіянальным цэнтры Беларусі, а не ў яе сталіцы. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі — надзейны партнёр. Уладзімір Іванавіч Пракапцоў — увогуле ўнікальная асоба. Ён заўсёды скіраваны на вынік, на плён, і працуючы з ім, ты не марнуеш ні хвіліны часу. Ні ўласнага, ні сваіх калег.

— Наш мастацкі музей несупынна пашырае плошчы. Ці маеце вы планы далейшага развіцця — пашырэння плошчаў, стварэння філіялаў і гэтак далей?

— Ужо вядзецца вельмі сур’ёзная работа над стварэннем філіялаў некалькіх буйных
расійскіх музеяў ва Уладзівастоку. Іх архітэктурныя рашэнні прапанаваны лепшымі сучаснымі дойлідамі, і чый бы праект ні быў абраны, у выніку атрымаецца знакавы аб’ект. Ідзе размова пра будаўніцтва філіялаў у Калінградзе, Севастопалі. Мы плануем рэканструкцыю самарскага помніка архітэктуры канструктывізму — фабрыкі-кухні ў форме сярпа і молата, дзе разгарнём наш філіял, які будзе паказваць мастацтва ХХ стагоддзя, мастацтва сучаснае.

Шмат што плануецца ды і робіцца шмат. Як дырэктар Траццякоўскай галерэі я, канешне ж, звяртаюся па дапамогу і параду не толькі да свайго непасрэднага працадаўцы, але і да Апякунскай рады музея, дзе заўжды знаходжу паразуменне. Зразумела, што звяртаюся толькі па важных пытаннях, якія не магу вырашыць сама.

Мушу адзначыць той факт, што за апошнія чатыры гады ў нашым музеі чатыры разы пабываў Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін і адзін раз старшыня Урада Дзмітрый Іванавіч Мядзведзеў. Я думаю, гэта сведчыць, наколькі яны разумеюць важнасць справы, якую мы робім. А тое, што наша справа грамадству патрэбная, дэманструе неверагодны рост наведвальнасці Траццякоўкі. У 2014 годзе гэтая лічба склала 1 мільён 360 тысяч, а летась — больш двух мільёнаў. 100 тысяч. І сёлета ахвотных дакрануцца да высокага мастацтва, якія выйдуць з Траццякоўскай галерэі іншымі, больш дасканалымі людзьмі, будзе не меней.

— Цікавасць грамадства да мастацтва ў яго высокіх праявах расце, а прэстыж прафесіі музейнага работніка — не надта…

— На першай жа лекцыі Віктар Грашчанкоў — выдатны мастацтвазнаўца, які займаўся італьянскім Адраджэннем — сказаў нам, студэнтам: “Вы мусіце быць гатовымі да таго, што будзеце зарабляць 85 рублёў (у савецкі час гэта быў мінімальны заробак пры наяўнасці вышэйшай адукацыі), што вам вельмі цяжка будзе знайсці месца працы. Бо ваша прафесія — прафесія падзвіжніка. Затое вы будзеце кожны дзень мець сумоўе з мастацтвам. І гэта варта ўсяго астатняга”. Такой цытатай майго настаўніка магу адказаць на вашае пытанне.

 Пётр ВАСІЛЕЎСКІ, спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”