Мікалай Судзілоўскі

Ножнікаў, М. Мікалай Судзілоўскі / М. Ножнікаў // Вестнік Магілёва. — 1992. — 6 ноября. — с 6.

Вось і зноў мы пачулі цікавае пра гэтага славутага (толькі не у нас!) ураджэнца Магілёва. 26 жніўня і 2 верасня Беларускае радыё перадало радыеспектакль у двух частках па вершаванай драме пісьменніка Уладзіміра Дзюбы “Доктар Русель”.

Гэты спектакль распавядаў пра незвычайны лёс і прыгоды магіляўчаніна Мікалая Канстанцінавіча Судзілоўскага, як з’явіўся на свет у горадзе на Дняпры 15 снежня 1850 г., а памёр амаль праз 80 год у далёкім Кітаі 30 красавіка 1930 г.

Здаецца ні пра аднаго нашага земляка (акрамя, бадай, О. Ю. Шмідта) не напісана і не сказана столькі, як пра М. К. Судзілоўскага. Лавіна публікацый у прэсе, грунтоўная манаграфія М. І. Іоські (Мінск, 1976 г.), асобнае выданне п’есы У. Дзюбы “Доктар Русель” (Мінск, 1991 г.)

І напэўна сказана не усё, бо пасля заканчэння у Магілёве мужчынскай гімназіі (1868), вучобы ў Пецербургскім і Кіеўскім універсітэтах, удзелу ў руху рэвалюцыянераў-народнікаў у Расіі, усё астатняе жыццё Судзілоўскага праходзіла за межамі бацькаўшчыны.

Нагадаем яшчэ раз толькі асноўныя падзеі гэтай незвычайнай біяграфіі. Скончыў уняверсітэт у 1877 г., толькі ўжо ў Бухарэсце. Тады ж стаў доктарам медыцыны. Ён пачынаў, сацыялістычны рух у Румыніі. Дапамагаў Хрыста Боцеву ў арганізацыі паўстання 1876 г. у Балгарыі супраць турак. Сустракаўся у Англіі з К. Марксам и Ф. Энгельсам. 3 1887 г. жыў у Сан-Францыска. Праз пяць год пераехаў на Гавайскія астравы – там стварыў партыю незалежных і стаў яе лідэрам. У 1900 г. выбраны членам сената Гаваяў, а ў наступным годзе – прэзідэнтам (так-так!) Гавайскай рэспублікі. Адтуль “доктар Русель” (пажыццёвы псеўданім Судзілоўскага) у 1903 г. пераехаў у Кітай, там быў знаёмы з Сунь-Ятсенам. У 1904-05 гг. дапамагаў рускім ваеннапалонным у Японіі, выдаваў рускія газеты і часопісы. 3 1921 г. жыў у кітайскім горадзе Цяньцзіне, збіраўся вярнуцца на радзіму (атрымліваў, дарэчы, персанальную пенсію савецкага таварыства паліткатаржан), аднак планы і жыцце перакрэслілі нечаканая хвароба і смерць…

Чалавека, неардынарную гістарычную асобу, ведалі і помняць ледзь не ва ўсім свеце, а ў Магілёве – абсалютны нуль. Не утрымаю — наша рэчаіснасць сама падносіць парадоксы.

Колькі ўжо гаварылася пра назвы гарадскіх вуліц, а наш дэмакратычны гарвыканкам за два гады сваёй дзейнасці здолеў толькі даць новыя назвы вуліцам: Сілікатная (!) і Жамчужная (?!). 50-годдзя абароны (пэўна будзе калісці 60-ці і другіх – годдзяў) Каштанавая.

Н. НОЖНІКАЎ