Прыпынак разладу

Панкратава, Н. Прыпынак разладу / Настасся Панкратава // Культура. – 2018. — 22 снежня. — С. 5.

Перад Новым годам усе чакаюць падарункаў. Толькі вось не ўсе сюрпрызы пакідаюць прыемны асадак. Прыкладам, Магілёўскі абласны тэатр лялек напачатку снежня “знайшоў” ля сваіх сцен прыпыначны павільён “Магілёўсаюздруку”. Яшчэ цалкам не сабраны гандлёва-прыпыначны комплекс адразу перакрыў будынак тэатра, які з’яўляецца помнікам архітэктуры ХІХ стагоддзя! І хоць на тыдні горад прыняў рашэнне перанесці збудаванне на процілеглы бок вуліцы, у паветры яшчэ лунае пытанне, як увогуле магла ўзнікнуць гэтая праблема.

/i/content/pi/cult/724/15777/9.JPG

Хованкі “за вушамі”

Сёння ў Магілёўскім абласным тэатры лялек гэтую гісторыю згадваюць ужо з усмешкай. Намеснік дырэктара ўстановы Аляксандр Рошчукаў распавядае, як 3 снежня напрыканцы працоўнага дня ён з калегамі сышоў дадому, а наступнай раніцай не пазнаў свой тэатр — перад знаёмым усяму гораду фасадам ці не за ноч вырас гмах гандлёвага павільёна.

— Мы і падумаць не маглі, што на роўным месцы ўзнікнуць такія складанасці! — прызнаецца ў размове з аглядальнікам “К” Аляксандр Уладзіміравіч. — На тэатры лялек ёсць шыльда, з якой вынікае, што гэты будынак — помнік ХІХ стагоддзя. У свой час тут адбываліся значныя для гісторыі Магілёва падзеі. Прыгожае збудаванне з калонамі, дзе зараз месціцца тэатр лялек, ведае кожны гараджанін. Не раўнуючы, гэта візітная картка Магілёва. І раптам яго перакрываюць велізарным павільёнам! Гандлёва-прыпыначны комплекс толькі пачалі манціраваць, а ўжо “знікла” з вачэй мінакоў нашая шыльда і афішы.

Адміністрацыя тэатра лялек не стала сядзець, склаўшы рукі. Падключыліся і мясцовыя мас-медыя, і неабыякавыя магіляўчане. У выніку мантажныя работы былі спынены вельмі хутка. На гэтым тыдні ў прыёмнай галоўнага архітэктара Магілёва Уладзіміра Скачака аглядальніку “К” паведамілі, што прынята рашэнне перанесці павільён на процілеглы ад тэатра лялек бок вуліцы Першамайскай. Ён стане дамінантай прыпыначнага пункта “Плошча Леніна”. Дакладна акрэсленых тэрмінаў “пярэбараў” няма, але абяцаюць вырашыць пытанне ў бліжэйшы час.

Уласнік павільёна пагадзіўся з прапановай горада, хоць і не бачыць праблемы ў першасна запланаваным месцы.

— Ад пачатку ў нас былі ўсе дакументы, узгодненыя з гарадскімі ўладамі, — тлумачыць сваю пазіцыю дырэктар “Магілёўсаюздруку” Уладзімір Пятровіч. — У мяне на руках маецца дакладная экіпіроўка гэтага месца, складзены план, на які нанесены кропкі, дзе павінен быў стаяць аб’ект.

Дадзены павільён мусіў стаць наступным крокам у рэалізацыі новага праекта “Магілёўсаюздруку” па мадэрнізацыі ўласнай гандлёвай сеткі, а таксама па стварэнні больш камфортных умоў абслугоўвання гараджан. Хутка ў абласным цэнтры з’явіцца яшчэ шэраг падобных гандлёва-прыпыначных комплексаў, якія будуць абсталяваны інтэрактыўным табло з раскладам руху грамадскага транспарту, а таксама трансліраваць сацыяльную і камерцыйную рэкламу. Месца ля тэатра лялек абрана невыпадкова: цэнтр горада, велізарная плынь пасажыраў. Зразумела, камерцыйнай арганізацыі неабходна ў першую чаргу клапаціцца пра фінансавы бок справы. І ўсё ж, ці нельга было б ад пачатку ўлічыць меркаванне тэатра лялек — таксама значнага гульца ў фінансава-асветніцкіх справах рэгіёна?

— Мы прапаноўвалі тэатру лялек масу варыянтаў выкарыстання нашага павільёна на карысць агульнай справе, — дадае спадар Пятровіч. — Комплекс мае два вялікія, цалкам празрыстыя “вушы” па тры метры. Там можна было б змяшчаць афішы на перыяд правядзення нейкіх мерапрыемстваў. Усталяваць нейкія адмысловыя для ўстановы формы. Ці ў бягучым інфармацыйным радку рэкламаваць іх падзеі. Можна было б нават выкарыстоўваць гандлёвы аб’ект у якасці касы. Аднак адміністрацыя тэатра на гэта не пайшла.

Асабіста я апошніх разумею: усе гэтыя дадатковыя дробныя пагадненні не вырашалі б галоўнай праблемы — фактычнага знікнення з аблічча гарадской забудовы візуальнага вобразу тэатра лялек. Унікальны будынак, які налета адзначыць сваё 165-годдзе, ва ўяўленні простых мінакоў зліўся б з функцыянальнай каробкай грамадскага прыпынку. Самае дзіўнае, што дадзенай размовы ўвогуле не павінна было ўзнікнуць, бо кожны гістарычны аб’ект мае ахоўную зону, у межах якой нельга праводзіць ніякіх работ без узгаднення з камісіяй па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Дык чаму ў Магілёве не спрацавалі відавочныя юрыдычныя механізмы?

Падзяляй і ўладар?

/i/content/pi/cult/724/15777/10.JPGГісторык, актывіст захавання гісторыка-культурнай спадчыны Магілёва Леанід Платоненка лічыць, што падобная сітуацыя склалася з-за сур’ёзных змяненняў, якія ўзніклі ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны ў сувязі з прыняццем Кодэкса аб культуры.

— Раней па ўсіх датычных дадзенай тэмы пытаннях трэба было звяртацца ў Міністэрства культуры. Зараз жа — адпаведна пунктам 5 — 7 артыкула 84 Кодэкса аб культуры — у абласныя саветы, якія былі створаны “у мэтах садзейнічання ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры мясцовых выканаўчых і распарадчых органах базавага тэрытарыяльнага ўзроўню”, — распавядае спадар Платоненка. — У склад гэтых саветаў уваходзяць прадстаўнікі розных структур: тут могуць быць пажарныя, міліцыя, гісторыкі… Але ці ёсць сярод іх непасрэдна спецыялісты па ахове гісторыка-культурнай спадчыны?

Са свайго шматгадовага вопыту гісторык ведае, што ў адпаведным Упраўленні пры Міністэрстве культуры працуюць спецыялісты высокай кваліфікацыі. Усяго некалькі чалавек на ўсю рэспубліку, але яны штодня займаюцца гэтымі пытаннямі, ведаюць, якім чынам распрацоўваць мерапрыемствы па ахове і хто павінен тое рабіць. А вось у мясцовых органах спадар Платоненка падобны рэсурс бачыць не заўсёды.

— У краіне не хапае сістэматычнага падыходу да справы, — выказвае ён сваю заклапочанасць. — Напрыклад, за апошнія гады пры аблвыканкамах і гарвыканкамах часта сустракаю людзей без адпаведнай кваліфікацыі менавіта па ахове спадчыны. У рэгіёнах падобныя спецыялісты часцей за ўсё працуюць сумяшчальнікамі ды на палову стаўкі. Чым можна забяспечваць сур’ёзны падыход да справы, на жаль, незразумела.

У людзей часта няма разумення нават розніцы паміж рэстаўрацыйнай дзейнасцю і ахоўнай. Суразмоўца смуткуе: ніхто не падумае распытваць гісторыка пра тонкасці археалогіі, але чамусьці многія не лічаць ахову гісторыка-культурнай спадчыны асобнай дысцыплінай, якая патрабуе пэўнай кваліфікацыі.

— Метадалогія рэстаўрацыі — гэта размова, груба кажучы, пра нейкія будаўнічыя работы, а метадалогія аховы — цэлы комплекс мерапрыемстваў, звязаны з тым, каб захаваць асяроддзе, захаваць помнікі, — тлумачыць Леанід. — У Беларусі ж нават не навучаюць дадзенай дысцыпліне! Доўгі час у нас існуе толькі Міжнародная летняя школа “Нясвіжская акадэмія” — сумесны беларуска-польскі праект з тэарэтычным і практычным блокамі заняткаў. З нашага боку яго летась курыраваў Інстытут культуры Беларусі. Я сам некалі праходзіў гэты курс. І магу з жалем зазначыць, што выпускнікі гэтай шыкоўнай і так патрэбнай нам праграмы часцей за ўсё застаюцца не задзейнічанымі…

Кошты і бясцэннасць

Чаму так неабходна, каб у саветы траплялі людзі з адмысловымі прафесійнымі ведамі? Як сведчыць тая ж сітуацыя паміж тэатрам лялек і ўладальнікамі гандлёвага павільёна, у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны часта ўзнікае канфлікт інтарэсаў. Спадар Платоненка адразу ж нагадвае пра нядаўнія гучныя гісторыі ў Магілёве.

— На вуліцы Ленінскай знеслі два гістарычныя будынкі пачатку ХХ стагоддзя. Да падмурка! Рэшткі абнеслі плотам і абвясцілі грамадскае абмеркаванне рэканструкцыі гэтых збудаванняў. Але, прабачце, з якога часу рэканструкцыяй сталі называць узвядзенне новабуду на падмурку гістарычнага аб’екта? — узрушаецца суразмоўца. — Ці іншы прыклад: у цэнтры Магілёва маецца закінутая тэрыторыя былога прадпрыемства “Гарсвет” і хлебазавода № 2. Яшчэ колькі часу таму горад гаварыў пра тое, каб стварыць на гэтым месцы Плошчу мастацтваў. Ідэя цудоўная! Побач месцяцца два будынкі дзіцячай мастацкай школы, музей Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Дарэчы, там стаяў унікальны аднапавярховы дамок сядзібнай забудовы. Вось бы правесці навуковае даследаванне, каму ён належыў і што там было. Аднак не — знеслі. І зараз плануюць узводзіць на гэтым месцы грамадскі цэнтр. Тлумачаць тое цікавай прапановай ад інвестараў. Але ці можна заўсёды ісці за грашыма?

Каб сутыкненняў станавілася менш, а аб’ектаў, якія б мы маглі перадаць будучым пакаленням наадварот, не памяншалася, і патрэбны прафесіяналы з вузкай спецыялізацыяй. Усё ж аб захаванні спадчыны павінны хвалявацца не асобныя людзі ці адзінкавыя ўстановы, а ўся сістэма, што рэгулюецца Кодэксам аб культуры. Бо, як высвятляецца, культработнікі часта недасведчаныя ў юрыдычных аспектах. Той жа Магілёўскі абласны тэатр лялек толькі пасля снежаньскай неспадзяванкі высветліў, што не мае пакету дакументаў па фарміраванні ахоўнай зоны вакол свайго гістарычнага будынка, і зараз плануе тэрмінова выпраўляць сітуацыю. Шкада, што некаторыя веды набываюцца не праз парады дасведчаных спецыялістаў, а праз асабістыя гузакі…

Хочацца верыць, калі адказныя будуць належным чынам развіваць комплекс мерапрыемстваў па захаванні таго, што маем, нават не ўзнікне сітуацыя з падпісаннем пастаноў для ўзвядзення чаго б там ні было пад вокнамі помніка архітэктуры.

Настасся Панкратава