“Ты пакліч мяне. Пазаві…”

Аўсяннікава, Т. “Ты пакліч мяне. Пазаві…” : [да 70-гадовага юбілея Я. Янішчыц] / Тамара Аўсяннікава // Веснік Магілёва. — 2019. — 10 января. — С. 20. 

Яўгенія Янішчыц – адна з самых яркіх і таленавітых беларускіх паэтак, адна з самых чытаемых і запатрабаваных. Мо таму, што ў яе паэзіі столькі чысціні і шчырасці, столькі святла і любові: «Прымі святло, Што льецца з-пад пяра I вырастаё ў сонца пад рукамі…», «Мой боль – / На вышыні святла, / Таму i ноччу мне світае».

У Магілёве адзначылі 70-гадовы юбілей Яўгеніі Янішчыц. Горад яна наведвала двойчы: у 1976 і ў 1981 гг. У першы прыезд Яўгенію Янішчыц сустракаў Аляксей Пысін, у другі – Віктар Арцем’еў. У 1976 годзе яна вымушана была затрымацца ў горадзе амаль на тры месяцы, бо трапіла ў аварыю пры пераходзе праспекта Міру насупраць гасцініцы Магілёў. Я наведвала яе ў гарадской бальніцы хуткай дапамогі, прыносіла падcілкаванне, паперу, канверты. Мы аднакурсніцы, чатыры гады жылі разам у адным інтэрнацкім пакоі. I пасля вучобы ліставаліся, сустра-каліся, тэлефанавалі адна адной. А зараз, у імя нашага сяброўства, я разам з кандыдатам філалагіч-ных навук Святланай Калядка пры падтрымцы сына Андрэя, а таксама Сяргея Панізніка працуем над чатырохтомным выданнем «Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі». Сын дазволіў карыс-тацца сямейным архівам, а Сяргей Панізнік даслаў рэдкія фотаздымкі Жэні, аўтарам якіх з’яўляецца сам, і перадаў сыну лісты Жэні да яго, якія ашчадна захоўваў на працягу 50 гадоў. Дарэчы, Сяргей Панізнік вучыўся ў Магілёўскім медыцын-скім вучылішчы на фельчарскім аддзяленні і наведваў літаратурнае аб’яднанне пры газеце «Магілёўская праўда», якім кіраваў Аляксей Пысін.

Выдадзена ўжо два тамы збору твораў Яўгеніі Янішчыц. У кнігарнях Магілёва з’явіўся другі том. Прэзентацыя 1 тома прайшла ў Магілёўскім ліцэі № 1 і ў Магілёўскай бібліятэцы імя Я.Купалы. Другі том прэзентавалі ў Магілёўскай аб-ласной бібліятэцы і бібліятэцы імя А.С. Пушкіна. Выдавецтва «Беларуская навука» за 1 том атрымала дыплом другой ступені на Міжнародным конкурсе кнігі ў намінацыі «Літфармат» за 2016 год.

У лістападзе мінулага года супрацоўнікі аддзела беларускай і краязнаўчай літаратуры Магілёўскай абласной бібліятэкі, загадчык адцзела Наталля Багданава і Інга Шайдакова, разам з літаратурным клубам «Святліца» Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі «Агат» правялі імпрэзу «Мая адзіная песня». Мерапрыемства наведалі студэнты гісторыка-філалагічнага факультета МДУ імя А. Куляшова, навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага палітэхнічнага каледжа, сябры таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны на чале з старшынёй Алегам Дзьячковым.

Прысутныя пазнаёміліся з жыц-цёвым і творчым шляхам паэткі. У ходзе літаратурна-музычнай кам-пазіцыі прагучалі ўрыўкі з лістоў паэткі да С.Панізніка і вершы, якія школьніца Жэня, а потым студэнтка дасылала разам з лістамі свайму каханаму. Вершы чыталі ўдзельнікі літаратурнага клуба «Святліца» Настасся Аўчыннікава, Мілада Паўла-ва, Лаліта Якуціна, Ната Драздова, Ганна Сурта, Паліна Заенчык, Лізавета Сідарава, Кацярына Шындзікава, Валерый Папкоў.

Адзін з вершаў Я.Янішчыц прагучаў напрыканцы ў выкананні Ядвігі Піменавай, госці мерапрыемства. Затым усе жадаючыя наведалі аддзел беларускай і краязнаўчай лі-таратуры і пазнаёміліся з кніжнай выставай «Гарчынка песні недапетай», арганізаванай да юбілею паэткі.

1 снежня ў Магілёўскай гарадской бібліятэцы імя А.С.Пушкіна прайшла імпрэза «У вянок памяці Яўгеніі Янішчыц», якую праводзілі супрацоўнікі чытальнай залы Валянціна Сяліцкая і Наталля Андреева разам з літаратурным клубам «Святліца». Тут прысутнічалі ўжо чытачы старэйшага пакалення. У імпрэзе прыняў удзел старшыня Магілёўскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Мікола Яцкоў, які хораша сказаў аб працы паэта ўвогуле і аб паэзіі Я.Янішчыц, на вершы якой ён напісаў дзесяць песень. Чатыры з іх аўтар выканаў і быў цёпла прыняты аўдыторыяй. Было многа пытанняў да мяне як сяброўкі і як да аднаго з укладальнікоў чатырохтомнага выдання.

Напрыканцы слова папрасіў . чытач бібліятэкі, Мікалай Асіповіч, які працаваў у трэсце №12 горада Магілёва і ў 70-80-я гады мінулага стагоддзя дасылаў нататкі аб працоўнай дзейнасці калектыва ў перыядычныя выданні. Спрабаваў пісаць ён і вершы. Мікалай Савельевіч узгадаў, што якраз ад Яўгеніі Янішчыц на афіцыйных лістах зусім неафіцыйнага зместу атрымліваў ён рэцэнзіі на свае вершы. Па-добраму, каб не пакрыўдзіць аўтара, паэтка тлумачыла, што не так у вершах i чаму яны не могуць быць надрукаванымі. Ён не пакрыўдзіўся, бо разумеў, што вершы слабыя, але пісаць не перастаў. Мікалай Савельевіч не ўтрымаўся і ўсё ж прачытаў два вершы, з тых ненадрукаваных, а таксама новы, да 70-годдзя Я.Янішчыц. На жаль, лісты аўтар не захаваў, аб чым выказаў шкадаванне.

Паэзія Яўгеніі Янішчыц будзе жыць пакуль мы будзем чытаць i перачытваць яе творы. А хто дакранаецца да творчасці паэткі, той назаўсёды застаецца яе прыхільнікам. Невыпадкова маладая магілёўская мастачка Юлія Ратина, выпускніца «Школы гарадскіх ініцыятыў», упрыгожыла двор дома №18 на праспекце Міру самымі вядомымі радкамі Яўгеніі Янішчыц з верша «Ты пакліч мяне. Пазаві…»:

Ты пакліч мяне. Пазаві.
Сто дарог за маімі плячыма,
Пачынаецца ўсё з любві,
А інакш і жыць не магчыма.

Тамара АЎСЯННІКАВА