Выявілі лепшага майстра

Сінькевіч, Г. Выявілі лепшага майстра : [конкурс прафесійнага майстэрства сярод майстроў вытворчага навучання прафесійна-тэхнічнай адукацыі "Майстар года"] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2019. — 22 студзеня. — С. 4. 

Якасная падрыхтоўка будучых рабочых напрамую залежыць ад прафесіяналізму майстроў вытворчага навучання. Сёння майстар павінен валодаць тэарэтычнымі і практычнымі ведамі па пэўнай прафесіі, выкарыстоўваць у вучэбным працэсе сучасныя і найбольш эфектыўныя педагагічныя методыкі, быць творчым і ініцыятыўным. Але ці магчыма гарманічнае спалучэнне ў адным педагогу ўсіх гэтых якасцей? Як аказалася, магчыма. Гэта прадэманстравалі ўдзельнікі конкурсу прафесійнага майстэрства сярод майстроў вытворчага навучання прафесійна-тэхнічнай адукацыі “Майстар года”, які чарговы раз прайшоў на Магілёўшчыне.

Як паведаміла метадыст упраўлення метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі МДАІРА Алена Собалева, сёлета ў спаборніцтве прынялі ўдзел 26 майстроў, якія ажыццяўляюць вытворчае навучанне па розных прафесіях.

— Спачатку сваіх лідараў выбіралі ўнутры ўстаноў прафтэхадукацыі, пасля іх чакаў адборачны тур конкурсу. Адбор ажыццяўляўся на падставе партфоліа “Прафесійны алімп”, у якіх былі адлюстраваны агульныя звесткі аб педагагічных работніках, напрамкі іх прафесійнай дзейнасці, дасягненні, уклад у павышэнне якасці адукацыі, перадавы педагагічны вопыт, — расказала Алена Мікалаеўна.

Адборачны тур вызначыў адзінаццаць фіналістаў. Для перамогі ім было прапанавана правесці ўрок у незнаёмым класе і прэзентацыю перспектыў сваёй прафесіі. Усе канкурсанты змаглі годна паказаць сябе. Яны выразна фармулявалі мэты заняткаў, абгрунтавана выбіралі метады, сродкі і формы навучання, змаглі ўмела арганізаваць пазнавальную дзейнасць навучэнцаў і зваротную сувязь з імі. Удзельнікі арганічна сумяшчалі прафесійныя, інтэлектуальныя і творчыя здольнасці і падчас самапрэзентацый.

Абвяшчэнне пераможцаў адбылося на базе Клічаўскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. Перад урачыстым момантам педагогі і навучэнцы маглі паўдзельнічаць у інтэрактыўных майстар-класах, круглых сталах, экскурсіях.

Акрамя журы, высокую ацэнку ўзроўню падрыхтоўкі і выступленням канкурсантаў далі першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Аляксандравіч Сыранкоў і начальнік Цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Аляксандра Мікалаеўна Пятрова.

Па выніках конкурсу дыпломамі ІІІ ступені былі адзначаны Таццяна Віктараўна Шылянкова з Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа і Ганна Яфрэмаўна Краснасельская з Бабруйскага дзяржаўнага гандлёва-эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Дыпломы ІІ ступені заслужана атрымалі Васіль Аляксеевіч Бычкоў з Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа і Ірына Мікалаеўна Кубліцкая з Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа. А ганаровае званне майстра года сёлета было прысуджана Аляксандру Уладзіміравічу Дзянісаву з Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага электратэхнічнага каледжа.

Конкурс “Майстар года” стаў ужо традыцыйным. Ён праводзіцца ў розных фарматах, але аднолькава нязменным застаецца прафесіяналізм канкурсантаў. Штогод яны паказваюць сябе сапраўднымі майстрамі педагагічнай справы, якія імкнуцца да раскрыцця талентаў і здольнасцей дзяцей.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.

Фота прадастаўлена ўпраўленнем метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі МДАІРА.