Вахта памяці на 25 гадоў

Зігуля, Н. Вахта памяці на 25 гадоў : [гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб "Віккру"] / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2019. — 2 ліпеня. — С. 5. 

Гэтыя людзі ўвесь час жывуць падзеямі ваенных часоў, бо лічаць сваім абавязкам знайсці і перапахаваць усіх салдат, зніклых у тым жахлівым крывавым пекле амаль бясследна — без вестак.

І яны іх шукаюць, шукаюць вось ужо 25 гадоў.

За час свайго існавання Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «Віккру» сумесна з 52-м пошукавым батальёнам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь падняў і ўрачыста перапахаваў астанкі 1201 чалавека, 79 з якіх вярнуў імёны.

СА ШЧУПАМ І РЫДЛЁЎКАЙ

— Першая наша Вахта Памяці прайшла ў Круглянскім раёне, дзе мы разам з «мабілізаванымі» ўпраўленнем адукацыі аблвыканкама школьнікамі і студэнтамі шукалі сляды зніклых без вестак чырвонаармейцаў і партызан брыгады «Чэкіст» — яны загінулі ў начным баі 29 чэрвеня 1944 года, — згадвае кіраўнік абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалай БАРЫСЕНКА. — На ўзбраенні ў нас тады былі толькі прымітыўны металічны шчуп і вялікая сапёрная рыдлёўка. Як жа мы радаваліся, калі атрымалася высветліць пер-шыя імёны гэтых байцоў! Потым было яшчэ шмат знаходак, але тыя пачуцці вельмі моцна ўрэзаліся ў памяць. Бо былі першыя.

На рахунку клуба шматлікія экспедыцыі па пошуку абаронцаў Магілёва на месцах жорсткіх баёў у вёсках Благавічы, Удоўск, Самулкі, на рацэ Проня ў Чавускім раёне, вялікая даследчая работа, звязаная з будаўніцтвам мемарыяла на Буйніцкім полі, экспедыцыі ў Клічаўскі, Быхаўскі і Кіраўскі раёны, дзе ў глухіх лясах і балотах ляжалі з часоў вайны збітыя савецкія самалёты, а іх экіпажы лічыліся зніклымі без вестак. І вялікай узнагародай за гэтыя гадзіны, дні, месяцы, гады пошукаў былі знойдзеная ў зямлі праржавелая амуніцыя, астанкі байцоў і — неверагодная ўдача! — асабістыя медальёны. Кавалачкі металу, якія, быццам душа салдата, зберагалі яго імя. Шкада, што яны, як і іншыя прадметы, якія нешта кажуць пра сваіх уладальнікаў, трапляюць у рукі не так часта.

МАЛА ЗНАЙСЦІ…

За апошнія гады «віккруўцамі» ўстаноўлены імёны і лёсы экіпажаў пяці савецкіх самалётаў, зніклых без вестак на тэрыторыі вобласці.

— Наша задача не толькі знайсці загінулых, але і ўвекавечыць іх, — кажа Мікалай Барысенка. — На месцы падзення гэтага Іл-4 у будучым абавязкова ўстановяць памятны знак. Па нашай ініцыятыве ў Магілёве з’явіліся вуліцы з прозвішчамі герояў абароны Магілёва — Рыгора Златаўстоўскага, Мікалая Цярохіна і Якава Слепакурава. З нашай падачы і пры фінансавай падтрымцы выканкамаў на тэрыторыі вобласці з’явіліся 32 помнікі і мемарыяль-ныя знакі воі нам Чырвонай Арміі, лётчыкам і партызанам.

Асаблівы гонар пошукавікі ад-чуваюць за помнікі, якія сёння ста-яць на месцы жорсткіх баёў — на рацэ Проня каля вёскі Пуцькі ў Чавускім раёне, непадалёк ад вёскі Самулкі (воінам 61-га стралковага і 20-га механізаванага карпусоў), каля вёскі Следзюкі Быхаўскага раёна (на месцы баёў 187-й страл-ковай дывізіі), у раёне вёсак Брускі — Буйнічы Магілёўскага раёна, дзе выходзілі з акружэння апошнія байцы легендарнай 172-й стралковай дывізіі генерала Раманава, якая 23 дні трымала абарону Магілёва.

А яшчэ дзякуючы «віккруўцам» летась на рацэ Проня з’явіўся пер-шы ў Беларусі памятны знак савецкім штрафным падраздзяленням, якія па-геройску змагаліся тут у 1943—1944 гадах. Гэта была су-месная акцыя пошукавікаў клуба і Чавускага райвыканкама.

«Віккруўцы» ведаюць, як гэта важна — захаваць тыя здабыткі, якія зроблены падчас іх тытанічнай работы. Яны прымалі актыўны ўдзел у здымках мастацкіх фільмаў «Дняпроўскі рубеж», «Брэсцкая крэпасць», «Сталінград», удзельнічалі ў напісанні сцэнарыяў і здымках 10 дакументальных фільмаў на ваенна-гістарычную тэматыку. Сумесна з галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама і пры падтрымцы абласнога цэнтра творчасці клуб выпускае адзіны ў Беларусі ваенна-гістарычны збор-нік «Магілёўскі пошукавы веснік». Уся гэтая дзейнасць клуба выклікае ў грамадстве вялікі рэзананс, зацікаўлівае моладзь. Хлопцы і дзяўчаты дапамагаюць шукаць зніклых без вестак на пошукавых сайтах, удзельнічаюць у раскопках на месцах баёў — на канкрэтных справах і прыкладах становяцца сапраўднымі патрыётамі Белару-сі, разумеюць, што значыць абараняць радзіму і аддаваць за яе жыццё.

ТЫЯ, ХТО ВЯРТАЕ ГЕРОЯМ ІМЁНЫ

Беражліва трымаю ў руках кавалачак халоднага металу з надпісам «За актыўны пошук» і адчуваю неверагодны гонар і адказнасць. Гэты ганаровы знак Міністэрства абароны я атрыма-ла на юбілейным мерапрыемстве «віккруўцаў» з рук начальніка ўпраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Сяргея ВАРАНОВІЧА. Павіншаваць ві-ноўнікаў свята прыйшлі прадстаўнікі гар- і аблвыканкама, сілавых ведамстваў. Са словамі ўдзячнасці да прысутных звярнуўся старшыня аблвыканкама Леанід ЗАЯЦ, плёну і поспеху ў нялёгкай справе пажадаў старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір ЦУМАРАЎ. Пошукавікі атрымалі ўзнагароды, ганаровыя граматы, падзякі розных узроўняў, каштоўныя падарункі. У іх гонар быў дадзены канцэрт. Сёння клуб «Віккру» — гэта адзінае падобнае аб’яднанне ў краі не, у яго ўваходзяць 20 маладзёжных пошукавых атрадаў і груп у 14 раёнах вобласці з агульнай колькасцю каля 100 чалавек.

НА ГОЛЫМ ЭНТУЗІЯЗМЕ

Унікальнасць клуба яшчэ і ў тым, што існуе ён у асноўным за свой жа кошт. Уся работа вядзецца на грамадскіх пачатках, перад кожнай экспедыцыяй хлопцы збіраюць грошы на хар-чаванне і паліва, за ўласны кошт набываюць дарагую амуніцыю і абсталяванне. Сёлета пры клубе «Віккру» быў створаны разліковы рахунак, куды пачалі паступаць невялікія ахвяраванні ад грамадзян і некаторых устаноў. Матэрыяльная падтрымка вельмі важная для дзейнасці клуба, моцна павышае эфектыўнасць яго работы. Дастаткова прывесці прыклад. Сёлета аблвыканкам набыў нямецкія трафейныя аэра-фотаздымкі месцаў баёў, дзякуючы якім упершыню на месцы баёў батальёна Уладзімірава за некалькі дзён вахты былі паднятыя астанкі 23 байцоў. Для параўнання: летась тут атрымалася знайсці толькі аднаго чырвонаармейца. Усяго за тры сёлетнія пошукавыя экспедыцыі ў Быхаўскім, Слаўгарадскім і Магілёўскім раёнах знойдзены астанкі 51 воіна Чырвонай Арміі і ўстаноўлены імёны тра і х. Ужо атрымалася выйсці на сувязь са сваякамі загінулых.

ЧЫМ ДАПАМАГЧЫ?

Калі вам неабыякавы лёс тых, хто набліжаў Перамогу, не вярнуўся з бою і каго цяпер трэба знайсці, ёсць магчымасць падтрымаць пошукавую дзейнасць. Рэквізіты дабрачыннага рахунка клуба «Віккру»: № BY91 АКВВ 3015 0427 4730 8700 0000 у філіяле № 700, МАУ ААТ «ААБ Бела-русбанк», МФО AKBBBY21700, УНП 790612863, 212030, Рэс-публіка Беларусь, г. Магілёў, завулак Пажарны, 7. Кантактныя тэлефоны: + 375-29-645-67-97 (velcom); 8 (0222) 42-17-97. Грамадскае аб’яднанне «Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «Віккру».

Ваша дапамога зможа значна наблізіць той дзень, калі вернецца памяць пра чарговую зніклую без вестак ахвяру вайны.

Нэлі ЗІГУЛЯ