“Бацькі і дзеці” — быць разам

Сухаварава, Н. “Бацькі і дзеці” — быць разам : [сямейная майстэрня "Бацькі і дзеці" на базе Магілёўскага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі "Родничок"] / Наталля Сухаварава // Настаўніцкая газета. — 2019. — 10 жніўня. — С. 10. 

Сучасныя дзеці і бацькі вельмі мала бываюць разам. Сённяшні рытм жыцця не заўсёды пакідае бацькам часу на сваіх дзяцей. Многія дарослыя большую ўвагу ўдзяляюць працы, кар’еры, паляпшэнню фінансавага стану. Дзеці ж адчуваюць недахоп увагі з боку бацькоў. А ім дарагая кожная хвіліна, праведзеная з мамай і татам. Гэта адзінае, што здольна зрабіць іх па-сапраўднаму шчаслівымі.

Недахоп увагі бацькоў да свайго дзіцяці — адна з галоўных прычын яго праблемных паводзін. Дзеці, якія не атрымалі ўвагі ў сям’і, шукаюць яе за межамі дома. Такія дзеці часта схільныя да агрэсіі, дэпрэсій, у іх назіраецца хваравітая крыўдлівасць, жорсткасць у адносінах да іншых. У падлеткавым узросце вялікая верагоднасць прыхільнасці да шкодных звычак. У сем’ях, дзе не ўдзяляецца належнай увагi дзецям, паміж прадстаўнікамі розных пакаленняў няма блізкіх, даверных адносін.

Адным са шляхоў вырашэння гэтай актуальнай праблемы з’яўляецца распрацоўка мадэлей уключэння баць­коў у адукацыйную і выхаваўчую дзейнасць сумесна з дзецьмі. Пляцоўкай для рэалізацыі такой мадэлі часта становіцца ўстанова дадатковай адукацыі. Ужо другі год на базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Родничок” Магілёва працуе сямейная майстэрня “Бацькі і дзеці”. На пасяджэнні майстэрні запрашаюцца сем’і школ раёна горада. Прыходзяць не толькі мамы і таты, але і бабулі і дзядулі. Мэтай работы сямейнай майстэрні з’яўляецца ўмацаванне ўзаемасувязі, эмацыянальнага кантакту і ўзаемаразумення паміж дзецьмі і бацькамі ў сумеснай творчай дзейнасці.

Заняткі ў майстэрні дапамагаюць фарміраваць уменне знаходзіць агульныя інтарэсы і заняткі ў штодзённым жыцці, выконваць работу разам; павышаць узровень узаемаразумення паміж дарослым і дзіцем, садзейнічаць фарміраванню гарманічных узаемаадносін паміж бацькамі і дзецьмі; атрымаць веды і ўменні ў галіне дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Формай работы сямейнай майстэрні з’яўляецца майстар-клас па выяўленчай дзейнасці і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Штомесяц педагогі дадатковай адукацыі мастацкага напрамку цэнтра праводзяць тэматычныя пасяджэнні, прымеркаваныя да знамянальных дат і сямейных свят. У цёплай і па-сапраўднаму сямейнай атмасферы прайшоў майстар-клас “У сямейным коле”, прысвечаны Міжнароднаму дню сям’і. Бацькі разам з дзецьмі прымалі актыўны ўдзел у конкурсах, адгадвалі загадкі, адказвалі на пытанні, было прапанавана вырабіць сваімі рукамі рамку для сямейнай фатаграфіі. Кульмінацыяй майстар-класа стала фотасесія ўсіх удзельнікаў і стварэнне сямейнага альбома. Да Дня маці — майстар-клас “Лялька-трыпутніца”, на якім кожная сям’я стварае сваю ляльку-абярэг. На такіх занятках мы звяртаемся да сваіх вытокаў, успамінаем народныя традыцыі. Да навагодняга свята быў распрацаваны майстар-клас “Навагодні анёл”, да Дня Перамогі — “Гваздзік з паперы”.

Работа пастаўлена так, што бацькі і дзеці знаходзяцца ў пастаянным цесным кантакце. Пара працуе ў чатыры рукі. Дзіця, якое валодае ведамі і навыкамі ў пэўным відзе творчасці, часта спраўляецца з пастаўленай задачай лепш бацькоў, што дазваляе яму дзяліцца сваімі ведамі са старэйшымі. У той жа час удзел дарослага дазваляе выкарыстоўваць такія віды работы, якія не даступны дзецям з-за ўзросту або захавання бяспекі. Усе майстар-класы пачынаюцца з прывітання і стварэння спрыяльных умоў, матывацыі на сумесную творчасць, паўтарэння правіл тэхнікі бяспекі. З гэтай мэтай выкарыстоўваюцца рэбусы і загадкі, цікавая пазнавальная інфармацыя, гістарычныя звесткі, вершы і нагляднасць. Падчас майстар-класа робяцца невялікія паўзы. Яны могуць быць як пазнавальнымі, так і дынамічнымі. Напрыканцы кожных заняткаў падводзяцца вынікі і абмяркоўваюцца асобныя моманты майстар-класа.

Сутворчасць дзяцей і бацькоў выклікае мноства станоўчых эмоцый і стварае цёплую атмасферу, дапамагае ­бацькам лепш зразумець дзіця, фарміруе даверныя адносіны паміж членамі сям’і. Разам з тым педагог, назіраючы за ­ўзаемаадносінамі ў пары ў працэсе майстар-класа, таксама вызначае найбольш эфектыўныя спосабы зносін з вучнем і яго сям’ёй. Эфектыўнасць такога падыходу бачыцца ў тым, што бацькі разглядаюцца ў якасці суб’екта цэласнага адукацыйнага працэсу.

Наталля СУХАВАРАВА