Вечна жывыя героі

Брылон, В. Вечна жывыя героі : аўтарскі канцэрт Уладзіміра Браілоўскага ў Магілеве / Вольга Брылон // Мастацтва. — 2019. — № 6. — С. 29. 

Адзін з сяброў некалі жартам сказаў пра яго: «Валодзя спалучае дзве працілеглыя якасці: ён адначасова прагматычны рамантык i рамантычны прагматык». З гадамі я i сама пераканалася ў дакладнасці гэтай ёмістай характарыстыкі. Уладзімір Браілоўскі – чалавек з каласальнай унутранай трываласцю. Ён заўсёды ідзе наперад, нават калі на шляху да загаветнай мэты даводзіцца падаць і разбівацца. Ніколі не складае рук, не здаецца – узнімаецца і крочыць далей. I не дае сабе ні адпачынку, ні паслабленняў. Вечная несупакоенасць вылучае яго, дзе б ён ні жыў і дзе б ні апынуўся.

Масквіч па нараджэнні, ён у 1971-м скончыў Маскоўскую кансерваторыю, але адразу трапіў у Фрунзэ, дзе на працягу 10 гадоў выкладаў у Кіргізскім інстытуце мастацтваў, быў загадчыкам кафедры тэорыі і гісторыі музыкі і адначасова адказным сакратаром Саюза кампазітараў Кіргізіі, з вялікай цікавасцю вывучаў тамтэйшы фальклор, ствараў музыку, звязаную з нацыянальнай кіргізскай тэматыкай. Так праяўлялася яго паважлівае стаўленне да культурных традыцый гэтай далёкай паўднёвай рэспублікі, якая стала яго часовым прытулкам. Аў 1980-м Уладзімір Веніямінавіч пераехаў у Беларусь і асталяваўся ў Магілёве. Гэты горад стаў для яго другой радзімай, тут праходзіць найбольш значная і пленная частка яго жыцця, багатая на розныя падзеі – як самыя зорныя, так і самыя драматычныя. З канца 1980-х кампазітар узначальваў Магілёўскую абласную філармонію. Уласная творчасць на пэўны час адышла на другі план і саступіла месца клопату па арганізацыі музычнага жыцця горада і прапагандзе лепшых узораў беларускага і сусветнага музычнага мастацтва. Дзякуючы сваёй настойлівасці і прабіўному характару Браілоўскі здолеў стварыць у Магілёве асаблівую культурную прастору. Пры яго кіраўніцтве Магілёўская абласная філармонія дасягнула выдатных вынікаўутворчай і арганізацыйнай дзейнасці. Пры філармоніі ствараліся новыя калектывы акадэмічнага кірунку, працавалі выдатныя музыканты, ладзіліся канцэрты як на буйных сцэнічных пляцоўках, так і ў школах і іншых навучальных установах. Асветніцкі ўхіл быў адным з самых значных мэт у дзейнасці філармоніі і яе дырэктара.

Але галоўным дасягненнем Браілоўскага-менеджара быў прыдуманы ім «Залаты шлягер» – фестываль эстраднага музычнага мастацтва. Дзякуючы гэтаму фэстуў другой палове 1990-х – пачатку 2000-х Магілёў упэўнена трымаў статус фестывальнай сталіцы Беларусі, а жыхары горада мелі магчымасць прымаць у сябе дома зорак эстрады не толькі з былога СССР, але і з усяго свету. Імя Браілоўскага было ва ўсіх на вуснах, а яго вядомасць у Магілёве – ледзь не такой жа, як у папулярных артыстаў, якіх ён прывозіў. Прагматычны рамантык Браілоўскі рабіўжыццё магіляўчан больш цікавым, свецкім, сталічным, каб яны не адчувалі сябе правінцыяламі. Аднак у адзін зусім не цудоўны момант у яго асабістым лёсе адбыліся жорсткія падзеі, пасля чаго яго жыццё карэн-ным чынам змянілася. Але ён здолеў знайсці сілы па-ранейшаму заставацца аптымістам. Рамантычным прагматыкам, калі заўгодна. Хаця б дзеля таго, каб цалкам аддацца творчасці – той галоўнай справе, якая яму ўжо дакладна ніколі не здрадзіць.

Напэўна, тэму Вялікай Айчыннай вайны можна назваць вядучай у творчасці Уладзіміра Браілоўскага. Ён звяртаецца да яе на працягу ўсяго свайго творчага жыцця. I гэта не толькі яго грамадзянскі абавязак, але глыбока асабістая справа чалавека, сям’ю якога вайна закранула непасрэдным чынам. Яго бацькі ўпершыню сустрэліся ў шпіталі, куды трапіў цяжка паранены бацька і дзе працавала маці – лейтэнант медыцынскай службы. Бацька – Веніямін Браілоўскі – да вайны скончыў фартэпіянны факультэт Ленінградскай кансерваторыі, перажыў блакаду, затым трапіў на фронт і камандаваў артылерыйскім узводам. Два браты бацькі – кампазітары Міхаіл і Маісей Браілоўскія – таксама былі вядомымі ў Ленінградзе музыкантамі, але загінулі ў першыя ж месяцы вайны. Яшчэ адзін іх брат, Якаў Браілоўскі, да 1937 года з’яўляўся буйным военачальнікам, прайшоў праз ГУЛАГ, а пасля вызвалення праслужыў у званні радавога да самага дня Перамогі. Сам бацька, хаця дажыў да мірнага часу і нават паспеў парадавацца нараджэнню сына, пайшоў з жыцця ў першыя пасляваенныя гады – фактычна памёр ад ранення, якое аказалася фатальным. Сын вырас без яго. Уладзімір Браілоўскі не бачыў вайны, але памяць пра яе стала яго асабістым болем. Напэўна, таму ўсе творы кампазітара, прысвечаныя гераічным ваенным падзеям.такія шчырыя i сардэчныя.

Напярэдадні 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Уладзімір Браілоўскі арганізаваў аўтарскі канцэрт «Вечна жывыя», у які ўключыў творы, звязаныя з ваеннай тэматыкай. Вечар адбыўся ў магілёўскім гарадскім Цэнтры культуры і сабраў поўную залу. Удзел у вечарыне вядучага акадэмічнага калектыву Магілёва – сімфанічнага аркестра і хору Магілёўскай гарадской капэлы на чале з мастацкім кіраўніком і дырыжорам Сяргеем Лішчэнкам – надаваў падзеі асаблівую ўрачыстасць. Калектыў самым сур’ёзным чынам паставіўся да праекта і прысвяціў яго падрыхтоўцы значную колькасць часу. У суправаджэнні магілёўскага аркестра ўтой вечар выступалі знакамітыя спевакі, сапраўдныя зоркі беларускай оперы – народныя артысты Беларусі Ніна Шарубіна, Уладзімір Пятроў, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Громаў.Усе яны прыехалі ў Магілёў, каб падтрымаць праект Уладзіміра Браілоўскага. Разам з імі ў вечарыне прымалі ўдзел магілёўскія спявачкі – лаўрэаткі міжнародных конкурсаў Наталля Цямрук і Алена Мацярынка, а таксама дзіцячы хор магілёўскай Дзіцячай школы мастацтваў № 2.

У адным праекце спалучыліся буйныя вакальна-сімфанічныя творы і невялікія песні, выступалі майстры сцэны і пачаткоўцы, для якіх удзел у канцэрце стаў адкрыццём і вялікай адказнасцю. Бо вельмі рэдка дзецям выпадае магчымасць спяваць у суправаджэнні сімфанічнага аркестра, а тым больш у такой значнай канцэртнай праграме, да таго ж побач са знакамітымі артыстамі. Умела пабудаваны сцэнарый, які кампазітар распрацаваў сам, дазволіўусім музыкантам з гонарам выканаць галоўную місію – стварыць незабыўную атмасферу, абудзіць у слухачах тыя эмоцыі, якія зведвае кожны сучаснік напярэдадні свята Перамогі.

Вялікую гаму пачуццяў адлюстроўвалі і вакальна-сімфанічная паэма «Дваццаць восем», прысвечаная подзвігу герояў-панфілаўцаў, што абаранялі Маскву ўлістападзе 1941 года, і сімфанічны трыпціх «Сівы бусел», у якім распавядалася пра трагедыю тысяч гарадоў і вёсак Беларусі, спаленых фашыстамі, і балада «Я ўсё-такі веру» на вершы паэтэсы Вольгі Бергольц – аўтаркі крылатага радка, што стаў лозунгам, высечаным на Мемарыяльнай сцяне Піскароўскіх могілак: «Никто не забыт, ничто не забыто». Кожны твор суправаджаўся відэа-кантэнтам з кадраў ваеннай хронікі.

Галоўным творам канцэрта стала, безумоўна, кантата «Вечна жывыя», напісаная Уладзімірам Браілоўскім на вершы паэтаў, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Гэта сапраўдны рэквіем памяці ўсіх загінулых. Кантата вызначалася падкрэсленай строгасцю ў выяўленні пачуццяў, але менавіта такі строгі і стрыманы – спосаб выкладання музычнага аповедуякраз і найбольш моцна ўплываў на эмоцыі слухача.

Правесці канцэрт кампазітару дапамог Магілёўскі гарвыканкам, які ўключыў праект у план афіцыйных мерапрыемстваў да ўрачыстасцяў, прысвечаных святкаванню Дня Перамогі і 75-годдзю вызвалення Беларусь Вечар атрымаўся шчырым на эмоцыі, але галоўнай была яго грамадская значнасць. Уладзіміру Браілоўскаму ўдалося стварыць праграму, якая цалкам адпавядала маштабу свята. А ўлічваючы тое, што ў канцэрце выступалі дзеці, якіх нямала было і ў глядзельнай зале, ён выканаў адначасова і патрыятычную, і адукацыйную мі-сію.Таму гэты праект варты таго, каб арганізаваць для яго гастрольны тур па гарадах Магілёўшчыны і паказацьу Мінску.

Уладзімір Браілоўскі