Новая кніга Віктара Кунцэвіча

Камкоў, П. Новая кніга Віктара Кунцэвіча / Пятро Камкоў // Магілёўскія ведамасці. — 2011. — 22 марта. — С. 13.

Мы ўсе – паэты ў
свеце гэтым,
Калі сябе лічыць
Сусветам,
Калі глядзець на
белы свет
Праз свой маленечкі
сусвет
I пакідаць ад думак
след.

Менавіта так вызначыў месца і прызначэнне паэта ў грамадстве Віктар Кунцэвіч у чарговай кнізе паэзіі «Гул у звоне», якая выйшла ў друкарні імя Спірыдона Собаля ў Магілёве. I няхай гэта – «маленечкі сусвет», але творца змог аддаць чытачам часцінку сваёй непаўторнай паэзіі. Шчы-расць і адкрытасць душы, адчуванне цеснай сувязі з родным краем, сваёй любай старонкай… Бо нарадзіўся Віктар Іванавіч у вёсцы Чырвоны Бор Бялыніцкага раёна.

Кніга складаецца з трох раздзелаў: «Ачышчэнне», «Дажджынкі па шкле», «Разумею завею», у якіх аўтар разважае не толькі пра асабісты лёс, а яшчэ па-філасофску асэнсоўвае ролю чалавека на гэтым свеце, яго адказ-насць за стан усяго жывога на зямлі. Тэматыка вершаў вельмі разнастайная. Тут можна сустрэць, напрыклад, творы, у якіх гучыць тэма Чарнобыля. «Чарнобыль – вялікі склад болю», – сцвярджае паэт у вершы «Склады». і тут жа задае пытанне ўсім нам: «Ды хто гаспадар гэтых складаў?»

У сваіх вершах В.Кунцэвіч звяртаецца і да тэмы мінулага беларускага народа. Яго непакояць многія моманты жыцця, пра якія доўгі час маўчалі, або калі гаварылі, то даволі павярхоўна і замаскіравана. Цікавым у гэтым плане з’яўляецца верш «Апошні ліст рэпрэсіраванага». У аўтара свой падыход, сваё бачанне аднаго са складаных перыядаў нашай гісторыі.

Пра тое, як груган пракляты
Нявечыў, мучыў, забіваў,
Як жвір халодны ў Курапатах
Спакой пакутнікам даваў…

Гэтая тэма гучыць і ў вершы «Лёс паэта», які прысвечаны памяці Цішкі Гартнага. У ім, глыбока патрыятычным, бачна сапраўдная паэзія.

Па творах паэта адчуваецца, што яны народжаны неабыякавай душой. Вельмі цяжка «прачуць» тыя даўнія часы, у якія жылі героі твораў паэта. Аднак ён піша не столькі пра часы, колькі пра асобы. Таленавіта перадае іх настрой, іх думкі, іх глыбокую заклапочанасць пра лёс Радзімы.

Паэт увесь час у пошуку. Трэба адзначыць, што вобразы ў яго – светлыя. Прысутнасць песімізму мяжуе з аптымізмам, што дае новы штуршок для адчування прыгажосці жыцця. Яго жыццесцвярджальныя вершы ствараюць атмасферу разумення паміж аўтарам і чытачом («А сёння — сонца на далонях!», «Дождж», «Узрост Хрыста» і інш.).

У паэзіі Віктара Кун-цэвіча выразна адчуваец-ца своеасаблівая рытміка. Адушаўленне звыклых прыродных аб’ектаў (як, напрыклад, у вершы «А ў Зарэччы вечар…»).

Калі ўзяць пад увагу лірыку паэта, то няцяжка заўважыць шчыра-інтымныя парыванні, што міжволі нараджаюць уласныя пачуцці.

Дапытлівы чытач адразу заўважыць тугу паэта. Каханне. Пра мінулае, аднак памятнае:

Муж сабакам сена
                        косіць,
Пасівела да ўсяго,
А ваду і сёння носіш
Ты з калодзежа таго.

Чытач адразу адчувае, што былога кахання ўжо няма, але засталося тое, што перадаць словамі часам амаль немагчыма. У паэта відна вялікая павага і любоў да яе міласці Жанчыны: («Я яе пабачыў…», «Мне апякае сэрца горыч…», «Аповед закаханага» і інш.).

Раздзел «Разумею завею» напоўнены вершамі аб прыродзе, яе няспынным руху. А чалавек, як вядома, – неадрыўная частка навакольнага свету. Тым больш паэт, які ў кожным дотыку ветрыка, чырвані рабін, пажоўклым лісці, ва ўсім будзённым бачыць сваё, таямнічае. Такія радкі не творца ніколі не змог бы напісаць:

Лашчыцца мне ў вочы
Восень пасля ночы.
Котачкаю рыжай
Даль туманы ліжа…