Падарожжа дылетанта ў Магілёў

Мальцева, Г. Падарожжа дылетанта ў Магілёў : [сустрэча з вядомым беларускім акцёрам і журналістам Ю. Жыгамонтам] / Ганна Мальцава // Веснік Магілёва. — 2014. — 23 июля. — С. 7.

10 ліпеня ва ўрачыстай зале прыёму ганаровых гасцей магілёўскай ратушы адбылася творчая сустрэча з вядомым беларускім акцёрам і журналістам Юрыем Жыгамонтам, які ўжо 13 год вядзе тэлепраект «Новыя падарожжы дылетанта», («Падарожжы дылетанта»).

Паслухаць нататкі беларускага дылетанта-падарожніка прыйшлі каля 120 чалавек рознага ўзросту. Нават некаторыя госці не змясціліся ў зале, але незадаволеных не засталося.

Жыгамонт вельмі цікава распавядаў пра свой жыццёвы шлях і працу над самой перадачай. Таксама ён паспеў адказаць на ўсе зададзеныя пытанні. На-прыклад, магілёўцам было цікава, ці сапраўднае ў Юрыя прозвішча або гэта творчы псеўданім. Госць прызнаўся, што прозвішча сапраўднае і ён ім вельмі ганарыцца. Шмат пытанняў было пра творчы шлях падарожніка. Высветлілася, што Жыгамонт – шчасліўчык па жыцці: нейкім цудам пашчасціла паступіць у акцёрскі вну (яму давалі некалькі спроб), а дзякуючы веданню беларускай мовы – апынуцца ў якасці вядучага цікавай тэлеперадачы. Дарэчы галоўны рэквізіт – паліто і капялюш -Юрый прынёс свой. «Паліто ўжо моль паела, трэба новае набыць!» – з усмешкай заўважыў ён.

А пасля размовы са слухачамі ён уручыў пасведчанні сябра Таварыства беларускай мовы, якое пры дапамозе Музея гісторыі Магілёва і арганізавала цікавую сустрэчу, новым чальцам суполкі. I па заведзенай традыцыі музея ганароваму госцю паказалі цудоўныя магілёўскія краявіды, што адкрываюцца з вышыні ратушнай вежы, унікальны гадзіннік з механічным трубачом, і некаторыя іншыя гістарычныя мясціны горада. Можа, яны натхняць вандроўцу на новы сюжэт.