Культура разаграе сэрцы

Iванова, I. Культура разаграе сэрцы / Iлона Iванова // Звязда. — 2009. — 28 лютага. — С. 6.

Антанiна Шаркова кiруе аддзелам культуры Магiлёўскага гарвыканкама ўжо дзесяцiгоддзе. Увогуле ў гэтай сферы яна працуе амаль 30 гадоў. Яна называе сябе паўжартам “культурнай чыноўнiцай” i лiчыць сваёй галоўнай задачай так арганiзаваць культурнае жыццё Магiлёва, каб стварыць яго жыхарам добры настрой на пераадоленне жыццёвых цяжкасцяў.

Актуальныя бiблiятэкi

— Мы толькi што падвялi вынiкi працы за мiнулы год. Прэзентацыя называлася “Імгненнi культуры”

— I што з гэтых iмгненняў вы лiчыце поспехам?

— Летась у Магiлёве быў добра выкананы бюджэт, i нам падкiдвалi грошай. У першую чаргу мы выдаткавалi сродкi на гарадскiя бiблiятэкi. Працяглы час прыярытэт у сферы культуры аддаваўся музычным школам. Яны найбольш на вачах: канцэрты i конкурсныя ўзнагароды выхаванцаў. А бiблiятэкi хто бачыў? Быў такi перыяд у гiсторыi нашага горада, калi дагутарылiся да таго, што нiбыта i не патрэбны нам бiблiятэкi.

— Магiляўчане з такiм меркаваннем не пагадзiлiся.

— А новы дырэктар сiстэмы бiблiятэк Галiна Краўчанка добра зразумела прынцып: бюджэтныя грошы проста так не раздаюць. Зрабi творчы праект i пераканай, што гэта сапраўды патрэбна людзям. Нашы бiблiятэкi здолелi паказаць кiраўнiцтву горада, што камп’ютары i iнтэрнэт нiколi “жывую” кнiгу не заменяць.

У сiстэме летась стварылi гарадскi iнфармацыйна-iдэалагiчны цэнтр i аб’явiлi адкрыты конкурс на сучасную публiчную бiблiятэку. Конкурс выйграла цэнтральная бiблiятэка, якая дасюль носiць iмя Карла Маркса. На атрыманыя грошы зрабiлi рамонт i мадэрнiзацыю, таму што якiмi б сучаснымi нi былi праекты, а ў абадраным iнтэр’еры наўрад цi iмi хто будзе цiкавiцца.

Любiмы горад

— Як вы лiчыце, Магiлёў — культурны горад?

— Так, ён канцэртны i тэатральны. Я хаджу на канцэрты i спектаклi, бачу публiку i яе рэакцыю. Нядаўна ў Магiлёў прыязджалi салiсты оперы з Мiнска: поўны аншлаг, прымалi артыстаў з захапленнем, атмасфера цудоўная. Магiляўчане вельмi любяць таксама балет i аперэту.

Аднак трэба ўлiчыць, што музычныя густы ў 360 тысяч жыхароў горада розныя. I на нядаўнiм канцэрце спевака шансона таксама быў аншлаг, i нягледзячы на прыстойныя кошты бiлетаў, у апошнiя днi мы вытрымлiвалi атакi людзей, якiя рвалiся на канцэрт.

Магiлёў — вядома, не сталiца, але культурны абласны цэнтр.

— У вашых словах адчуваецца гордасць за родны горад. Вы нарадзiлiся ў Магiлёве?

— Я родам са Шклоўшчыны, але шмат гадоў жыву ў абласным цэнтры. Аднойчы да мяне прыехала мацi i сказала, што Магiлёў — непрыгожы горад. Мяне гэта пакрыўдзiла, але я разумела, што яна сказала праўду.

Толькi апошняе дзесяцiгоддзе ўлады сталi як мае быць займацца горадам — каб ён быў для людзей i каб не было сорамна перад гасцямi. Мы гэтага дасягнулi, цяпер расiйскiя гарады-пабрацiмы бяруць з нас прыклад у добраўпарадкаваннi.

Праца i iнiцыятывы гарвыканкама даюць плён. У жыхароў выхоўваецца любоў да роднага горада. Гэта вiдаць на масавых святах: калi на плошчы людзi скандзiруюць “Магiлёў!” на фоне феерверка — гэта захапляе.

Мэр у вобразе пiрата

— Калi кiраўнiцтва горада талковае i хоча нешта рабiць для людзей, гэта натхняе на працу. Шэсце Дзедаў Марозаў, пленэр па каменных скульптурах, карнавал на свята горада — гэта культурныя iдэi ўлады.

— Цяжка было ўвасобiць iх у жыццё арганiзатарам упраўлення культуры?

— Калi шчыра, я супрацiўлялася карнавальнаму шэсцю. Казала, што гэта не наш менталiтэт, людзi не прывучаныя… Але старшыня гарвыканкама Вiктар Шорыкаў настаяў, мы зрабiлi — i атрымалася вiдовiшча.

Так, на Захадзе няма аддзелаў культуры, там людзi самi робяць строi, апранаюць iх i на адзiн дзень горад становiцца сярэднявечным. Я была ў балгарскiм Габраве: там мэр быў на карнавале пiратам, а яго супрацоўнiкi сталi свiтай марскога разбойнiка.

— Цi магчыма ў нас такое?

— I мы да гэтага прыйдзем. Сёння мы абвяшчаем у горадзе конкурс на лепшы карнавальны касцюм, i зацiкаўленыя людзi прыходзяць са сваiмi iдэямi. Няхай iх пакуль толькi паўсотнi з тысячы, але яны — энтузiясты, iм гэта падабаецца. Чалавека нельга прымушаць, ён павiнен адчуваць кайф, калi iдзе ў шэсцi. Iначай свята не будзе.

З канапы — на баль

— А вы адчуваеце кайф ад таго, што ўсё гэта арганiзоўваеце?

— Безумоўна. Гэта незвычайныя пачуццi, калi ўсё ўдаецца.

— А якi з апошнiх культурных праектаў атрымаўся?

— Калядны баль. Ваша газета пiсала пра яго. Скажу, што iдэя нарадзiлася ў межах фестывалю “Магiлёўскiя святкi”. Вядома ж, на Каляды па царкоўна-народным звычаi нельга нiчога рабiць.

— Наўрад цi гэта магчыма ў сучасным свеце. Мы вымушаныя працаваць, мала зважаючы на святы i народныя звычаi…

— Так, але застаюцца доўгiя зiмовыя вечары. I хаця мы найбольш сядзiм на канапах i глядзiм у тэлевiзары, але маем патрэбу ў зносiнах. Не ўсе працуюць, як вы i я — штодня новыя людзi. Калi нам выпадае вольная гадзiна…

— …я хутчэй збягаю ў сваю спакойную “норку”…

— .. i з кнiжкай.

— Адкуль вы ведаеце?

— Сама такая. Але зразумейце, што шмат людзей жыве толькi па адным маршруце: “Праца-дом”. Руцiна: кабiнет i кватэра, кожны дзень падобны на iншы. А хочацца публiчнасцi i свята. Выйсцi ў прыгожым вечаровым строi i прыгожа бавiць час з iншымi людзьмi.

— I таму — баль?

— Так. Дамы i кавалеры танцуюць вальс! Гэта ж незвычайнае ўражанне! I тым самым мы адраджаем прыгожыя традыцыi мiнулых стагоддзяў. Сёлета прыйшла толькi палова ад запрошаных. Але дзякуючы прэсе пайшлi пагалоскi, i баль будзе папулярны. У тым лiку i ў моладзi.

Клубная моладзь

— Я вельмi заклапочана тым, што ў сферы культуры мала робiцца для моладзi.

— Праўда? А мне падавалася, што навокал хапае дыскатэк i начных клубаў. Трэба толькi ўключыць музыку ў цёмным памяшканнi — i дастаткова.

— Гэтага недастаткова. Вось цяпер у Магiлёве пабудуюць скейт-гарадок, i гэта вельмi добра.

— На скейты ўсе не стануць, гэта досыць складана.

— Трэба, каб маладыя людзi збiралiся, аб’яднаныя любiмай справай. Мне падабаецца Рыцарскi клуб, трэба даць месца прыхiльнiкам вакальна-iнструментальнай музыкi. Любое захапленне, хобi адцягвае ад п’янак i дурных схiльнасцяў.

Я — прыхiльнiца клубнага руху, таму што люблю незаарганiзаваныя мерапрыемствы, калi не трэба па разнарадцы забяспечваць публiку. Трэба, каб чалавек сам хацеў прыйсцi i ўбачыць.

У нас нядаўна былi Сiманаўскiя чытаннi. Я вельмi сумнявалася, што прыйдзе дастаткова людзей. Але зала Беларуска-Расiйскага ўнiверсiтэта была поўная зацiкаўленых слухачоў. Перад такой аўдыторыяй хочацца выступаць. Тады ёсць узаемнае задавальненне.

Культурныя людзi

— Падаецца, што цяпер народ iмкнецца больш да шумных святаў, чым цiхiх клубных пасядзелак. Але натоўп на масавых мерапрыемствах у не такiх аптымiстаў, як вы, можа выклiкаць iншыя пачуццi. П’яныя твары, гучная лаянка, бутэлькi ў руках i смецце на вулiцах — гэта, прабачце, мала падобнае на культурны горад. Толькi не крыўдуйце за такiя словы.

— Гэта праблема не толькi нашага горада. I ў замежжы пасля святаў застаецца смецце. Але не трэба аднабакова ацэньваць культмасавыя мерапрыемствы. Гэта яшчэ радасць, весялосць i забавы для людзей розных узростаў i сацыяльных слаёў.

Але ў масавым сэнсе сапраўды культуры не хапае. Ва ўсiм. Вы толькi паглядзiце на стасункi пешаходаў i вадзiцеляў. А культура ежы i пiцця? I пачынаецца гэта ў сям’i, дзе ў дзiцяцi павiнны выхоўваць культуру паводзiнаў. Але i асяродак уплывае на культуру чалавека.

— I калi вы ствараеце ў горадзе культурны асяродак, то гэта павiнна паўплываць на агульны ўзровень культуры?

— Спадзяюся, што так. Чысты горад з цягам часу адвучыць людзей пляваць i кiдаць акуркi. Як бы яшчэ выкаранiць у людзей перакананне, што калi гэта не маё асабiстае, то нiчыйнае, а яго можна нiшчыць i псаваць?

Я мяркую, што некалi людзi падумаюць пра сваiх дзяцей i ўнукаў, якiя будуць тут жыць. Без патэтыкi, а практычна. Што тут будзе прыемны куток, i мая ўнучка прыйдзе пасядзець на гэтай лаве пад дрэвам у спякотны дзень. Мае дзецi жывуць тут, i я так думаю.

Фабрыка настрою

— Вашы дзецi пайшлi ў сферу культуры?

— На жаль, не.

— Чаму — на жаль?

— Таму што я вельмi люблю сваю працу. Лiчу яе добрай, нават прыгожай. Дачка мае акцёрскiя i рэжысёрскiя здольнасцi, але вырашыла пайсцi ў банк.

— Можа, яна проста правiльна зразумела: сфера культуры залежыць ад фiнансавання.

— Проста вырашыла, што фiнансiст — гэта больш надзейная прафесiя. Многiя людзi ставяцца пагардлiва да маёй працы: маўляў, што ў вас там — танцы-спевы, не разумеюць яе сутнасцi.

— А ў чым яна?

— Сфера культуры — гэта як цэлая фабрыка, якая стварае людзям настрой. Можна i не памерцi без нармальнага настрою, але патануць у дэпрэсii цалкам магчыма. Мы разаграём сэрцы, дапамагаем адолець жыццёвыя цяжкасцi.

— Калi зноў пра цяжкасцi i грошы, то скажыце, калi ласка, цi ўмяшаўся ў вашу працу крызiс?

— Так. Нам таксама давядзецца эканомiць. Мы гэта i ўмеем рабiць. Крышку скароцiм колькасць мерапрыемстваў, але не апусцiм планку. Абавязкова будзем адзначаць дзяржаўныя i традыцыйныя святы.

Хрысцiянская культура

— У лiку апошнiх будзе Мiжнародны фестываль духоўнай музыкi “Магутны Божа”?

— Будзе, але давядзецца быць больш сцiплымi. Ведаеце, “Магутны Божа” — гэта як маё дзiця, якому споўнiлася ўжо 16 гадоў. Яно добрае i таленавiтае, але чамусьцi iншыя яго не вельмi заўважаюць. I мне крыўдна, калi шчыра.

Фестываль пачыналi энтузiясты, падхапiлi прафесiяналы ў справе культуры, але яму не хапае падтрымкi мiнiстэрства — каб развiвацца i стаць яшчэ больш папулярным.

Духоўная музыка, напiсаная вялiкiмi кампазiтарамi, падабаецца людзям i адкрывае ў iх новыя добрыя пачуццi. Фестываль добра ведаюць i любяць у Беларусi i за яе межамi. А як вам падаецца, цi варта яго працягваць?

— Варта. На мой погляд, фестываль грунтуецца на вельмi каштоўнай iдэi для нашай полiканфесiйнай краiны — мiрнага суiснавання розных хрысцiянскiх канфесiй.

— Безумоўна. На канцэртах гучалi праваслаўныя песнапеннi, каталiцкiя гiмны i пратэстанцкiя спевы. Цi такое прымiрэнне не слушнае?

— Дык будзем спяваць разам!

— Цяжка сказаць, што будзе далей. Цi будзе гэта адзiн цяжкi год, а мо, не давядзi Божа, i два. Але ж неяк павiнны пераадолець. Хаця я не палiтык i не бяруся рабiць прагнозы. Але нават калi будзе перапынак у фестывалi, калi людзям гэта патрэбна — “Магутны Божа” вернецца абавязкова.

Наш прыярытэт

— Якiя вашы надзеi на будучыню?

— Хочацца захаваць усе клубныя фармiраваннi i не страцiць калектывы, якiя стваралiся карпатлiвай працай шмат гадоў. Калi давядзецца зацягнуць паясы, то будзем эканомiць на мерапрыемствах, а не лiквiдаваць гурткi.

Мая мара — каб у горадзе з’явiлася новая вялiкая канцэртная зала, дзе б мы маглi прыняць “зорку” любога ўзроўню i дзе б камфортна адчувалi сябе гледачы.

Вядома ж, хочацца, каб культура стала ў адзiн рад разам з iншымi прыярытэтамi для краiны i нашага горада. Тым больш, што мы — першапраходцы. Спачатку запускаюць культуру, а потым iдуць дамаўляцца пра эканамiчныя i гандлёвыя стасункi.

Я вельмi хачу, каб Магiлёў стаў культурным горадам — у поўным сэнсе гэтага слова. Ён i цяпер не глухая правiнцыя. Я вельмi паважаю Магiлёў i яго жыхароў. Я працую ў гэтым горадзе i стараюся для яго.