“М.арт.кантакт” 2016. Моладзь павiнна рулiць!

Масквiн, А. “М.арт.кантакт” 2016. Моладзь павiнна рулiць! / Андрэй Масквiн // Маладосць. – 2016. – №6. – С. 109-110.

Міжнародны тэатральны форум «М.арт. кантакт» заўсёды прыцягваў моладзь, асабліва творчую. Бо ў яго праграме пазначана, што першая літара «М» расшыфроўваецца як «маладзёжны», тэта значыць «пра моладзь і для яе, бо менавіта моладзь — рухаючая сіла тэатра». Таму цалкам лагічна і абгрунтавана, што студэнты творчых ВНУ Беларусі, у першую чаргу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, імкнуцца трапіць на тэты форум. Што не так ужо і проста: квіткі на ўсе спектаклі раскупляюцца за некалькі дзён, і разлічваць на свабоднае мястэчка ў зале не заўсёды прыходзіцца. На шчасце, дырэкцыя форуму, у прыватнасці яго дырэктар Андрэй Новікаў, шануе жаданне студэнтаў, якія прыязджаюць у Магілёў, каб не толькі «патусавацца» ў прыгожым горадзе на Дняпры, але і паглядзець спектаклі, выказаць прафесійную ацэнку з нагоды кожнага ўбачанага выступления. Толькі каму яе выказаць, з кім падзяліцца ўласным меркаваннем, якое не заўсёды супадае з меркаваннем масцітых і вопытных крытыкаў, запрошаных на фестываль? Як прафесійна зрабіць разбор спектакля, усіх яго складнікаў? Хто адкажа на не заўсёды простыя пытанні? Хто навучыць хутка пісаць міні-рэцэнзію? 3 усімі гэтымі пытаннямі і праблемамі крытыку- пачаткоўцу няма да каго звярнуцца на форуме. А ўдзел у абмеркаванні спектакляў разам з запрошанымі крытыкамі не прадугледжаны. Праўда, часам здараюцца сітуацыі, калі вядучая абмеркавання Людміла Грамыка дае такую магчымасць. Але, на жаль, тэта адбываецца вельмі рэдка і нерэгулярна, хутчэй з’яўляецца выключэннем з правілаў. Асноўная прычына — недахоп часу, прызначанага на абмеркаванне.

Таму ў мяне і ўзнікла ідэя правесці падчас форуму Лабараторыю маладога крытыка. Дадатковай падставай для гэтага была размова з прафесарам кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Вячаславам Іваноўскім за два дні да адкрыцця форуму. Ён папрасіў мяне «ўзяць апеку» над невялікай групай студэнтаў, якая прыедзе на форум. Гэтую просьбу падтрымала выкладчык кафедры рэжысуры Таццяна Траяновіч, якая сама некалькі гадоў запар наведвае тэты форум як шараговы глядач, а сёлета была запрошана са сваім спектаклем «Ілюзіі». Важна заўважыць, што ў Беларусі ў мяне гэта ўжо другі вопыт правядзення падобнай лабараторыі. Першы быў у 2008 годзе ў рамках міжнароднага тэатральнага фестывалю «Славянскія сустрэчы» ў Гомелі. Толькі тады яна доўжылася тры дні, а яе ўдзельнікамі былі студэнты аддзялення журналістыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ды і задача была трохі іншай: як журналісту навучыцца «глядзець» спектакль і яго апісваць. У Магілёве ж задача была значна цяжэйшай.

У выніку ў рабоце лабараторыі прыняло ўдзел 10 чалавек: Таццяна Януковіч, Аляксандра Фанарыкава, Антаніна Аляшкевіч, Марыя Матох, Карына Рыбак, Лізавета Машковіч, Карына Валабуева, Анастасія Васілевіч, Дара Арсаві і Марыя Таніна. Адна частка ўдзельнікаў — студэнты-тэатразнаўцы, а другая — студэнты-рэжысёры. Заняткі праходзілі ў памяшканні тэатра лялек штодня з 14.30 да 15.30. Часцяком яны расцягваліся да 16.00. Выбар месца і часу быў для мяне вельмі важны. Калі хтосьці па нейкіх прычынах не змог прыйсці ў адзін з дзён, то павінен быць упэўнены, што месца і час сустрэчы не зменяцца.

На кожных занятках абмяркоўваліся спектаклі, якія былі паказаны ў папярэдні дзень. Паколькі праграма была складзеная такім чынам, што паказ некаторых спектакляў праходзіў адначасова, то слухачы лабараторыі не мелі магчымасці пазнаёміцца з усёй праграмай форуму. Пры выбары спектакля звычайна кіраваліся інтуіцыяй, а часам і маёй падказкай. У выніку кожны атрымаў магчымасць за сем дзён пазнаёміцца са значнай часткай праграмы. Паколькі форум гэтага года не прадугледжваў журы і ўзнагарод, то мне падалося, што гэтую ролю маглі б узяць на сябе менавіта крытыкі- пачаткоўцы. Гэтая думка прыйшла да мяне ўжо пасля першых заняткаў. Я звярнуў увагу на добрую прафесійную падрыхтоўку студэнтаў, на іх умение правільна «счытваць» спектакль, аналізаваць. Нават калі я не заўсёды пагаджаўся з некаторымі іх меркаваннямі, быў бачны ход мыслення і ўражвала аргументацыя. Парадавала, што ўсе яны былі знаёмыя з творамі, якія бачылі на сцэне. Чыталі іх ці ў школьным узросце, ці спецыяльна, рыхтуючыся да паездкі на форум. Бо веданне першакрыніцы — адна з асноўных задач кожнага крытыка. Але самае галоўнае — кожны ўдзельнік лабараторыі меў свой, індывідуальны погляд, «сваю оптыку» на спектакль, а тэта, заўважу, усё радзей сустракаецца сярод прафесіяналаў. I важна, каб яны не страцілі яго, захавалі як мага даўжэй. На абмеркаванні ўздымаліся самыя розныя пытанні: структура спектакля, узаемаадносіны лялькі і чалавека ў лялечным тэатры, асаблівасці постдраматычнага спектакля, тэатр і інсцэнізацыі прозы…

На завяршэнне кожнага дня абмеркавання я прасіў, па-першае, даць ацэнку кожнаму ўбачанаму спектаклю (па дзесяцібальнай шкале), а па-другое, назваць кандыдатаў на намінацыі. У апошні, сёмы дзень фестывалю, прайшло абмеркаванне ўсіх прапанаваных кандыдатур і былі вызначаны пераможцы па сямі намінацыях:

  1. «Лепшы спектакль» — «Жыццё за цара» (Тэатра ды Капуа, Санкт-Пецярбург, рэж. Джуліяна ды Капуа).
  2. «Лепшы малады рэжысёр» — Ігар Казакоў (за спектакль «На дне» Магілёўскага абласнога тэатра лялек).
  3. «Лепшы акцёрскі ансамбль» — «Васа» («Ведагонь-тэатр», Масква, рэж. Анатоль Ледухоўскі).
  4. «Лепшая маладая актрыса» — Ірына Ткачэнка (за ролю Тамары ў спектаклі «Бракаваныя людзі» паводле п’есы В. Сігарава, тэатр «Залатыя вароты», Кіеў, рэж. Стас Жырко).
  5. «Лепшы малады акцёр» — Максім Студзёнаўскі (за ролю Бальзамінава ў спектаклі «Мары любові альбо жаніцьба Бальзамінава» Тэатра «Майстэрня», Санкт- Пецярбург, рэж. Рыгор Казлоў).
  6. «Лепшая работа мастака» — Таццяна Нерсісян («На дне» Магілёўскага тэатра лялек, рэж. Ігар Казакоў).
  7. «Лепшая работа кампазітара» — Мікіта Залатар (за музыку да спектакля «Інтэрв’ю з ведзьмамі» Беларускага дзяржаўнага лялечнага тэатра, Мінск, рэж. Яўген Карняг).

На форуме «М.арт.кантакт» на працягу некалькіх гадоў працавала маладзёжнае журы. Яго членамі былі пераважна аматары тэатральнага мастацтва, якія выпускаюць штодзённую газету «Веснік М.арт.кантакт»

Спектаклю «Жыццё за цара» ўсе ўдзельнікі лабараторыі паставілі дзесяць балаў. У чым прычына такога поспеху? Як мне падаецца, перш за ўсё ў тым, што ён быў зроблены ў тэхніцы дакументальнага тэатра, а па-другое, у правільна знойдзеным спосабе прэзентацыі гістарычнага матэрыялу (хронік, карэспандэнцый, дзённікавых запісаў, газетных артыкулаў, архіўных дакументаў). Такі спосаб работы не новы для рускага тэатра. Але для Беларусі ён усё яшчэ з’яўляецца навінкай. У першую чаргу варта прыгадаць пастаноўку «Бі-лінгвы» Цэнтра беларускай драматургіі. I хочацца верыць, што беларускія рэжысёры будуць адкрываць ўсё новыя магчымасці тэхнікі verbatim.

Варта адзначыць, што на форуме «М.арт. кантакт» на працягу некалькіх гадоў працавала маладзёжнае журы. Яго членамі былі пераважна аматары тэатральнага мастацтва, якія выпускаюць штодзённую газету «Веснік М.арт.кантакт». Але сёлета з невядомых прычын яно не працавала, да таго ж не было і прафесіянальнага журы. Абапіраючыся на вопыт працы з маладымі крытыкамі, смела і адказна магу заявіць, што студэнты-тэатразнаўцы маглі б скласці касцяк такога маладзёжнага журы. Бо шмат хто з удзельнікаў форуму ўжо прызвычаіўся атрымліваць ацэнку ўласнай работы, а гледачы хацелі б параўноўваць выбар журы з уласнымі ацэнкамі. Каму як не маладым крытыкам даць права выстаўляць адзнакі? Тым больш што зроблены імі выбар сведчыць аб добрым тэатральным гусце. Дарэчы, два з выбраных імі спектакляў, «Васа» і «Жыццё за цара», сталі лаўрэатамі прэстыжнай расійскай Нацыянальнай прэміі «Залатая маска» ў намінацыі «Драма. Спектакль малой формы» (адпаведна ў 2014 і 2015 гадах).