Макет рэсiвера для фрэону стварылi будучыя мехатронiкi

   Клюйко, А. Макет рэсiвера для  фрэону стварылi будучыя мехатронiкi / Ала Клюйко // Настаўніцкая газета. — 2016. — 15 снежня. — С. 3.

3 гэтага навучальнага года ў Магілёўскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы была адкрыта інавацыйная спецыяльнасць “Мехатроніка” (кваліфікацыя рабочага з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй “мехатронік 5 разраду (халадзільнае абсталяванне)”). Больш падрабязна аб гэтым нашай газеце расказала выкладчык каледжа старшыня цыклавой камісіі спецдысцылін спецыяльнасці “Нізкатэмпературная тэхніка і промысловая цеплаэнергетыка” М.В.Бараўнёва.

Марыя Вітальеўна паведаміла, што, перш чым увесці ў каледжы новую спецыяльнасць для інавацыйнай эканомікі, быў дасканала вывучаны стан спраў у індустрыі мікраклімату і холаду, падключаны прадпрыемствы і арганізацыі, якія працуюць у гэтай галіне, умацаваны сувязі з іх асацыяцыяй. 3 гэтай жа мэтай педагогі каледжа наведалі міжнародную спецыялізаваную выстаўку “Адукацыйнае асяроддзе і вучэбныя тэхналогіі” і прынялі ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыі “Дарожная карта і інфарматызацыя: ад мэты да выніку”. Акрамя таго, вяліся маркетынгавыя даследаванні рынку працы рэгіёна, вывучаўся попыт на кадры па новай спецыяльнасці ў канкрэтных прадпрыемстваў. У рэшце рэшт на базе спецыяльнасці “Нізкатэмпературная тэхніка” была адкрыта новая спецыяльнасць. 3 гэтага навучальнага года па новай спецыяльнасці сфарміравана адна вучэбная трупа з ліку выпускнікоў 9-х класаў з дастаткова высокім сярэднім балам пасведчання аб адукацыі, якія вучацца на бюджэтнай аснове.

— Згодна з пажаданнямі базавых прадпрыемстваў, мы рыхтуем спецыяліста-ўніверсала па халадзільных устаноўках, — адзначыла Марыя Вiтальеўна. — Спецыяліст будзе ведаць аўтаматызацыю, слясарныя работы, халадзільнае абсталяванне, электразабеспячэнне, умець выконваць мантажныя, слясарныя работы, запраўку і кантроль параметраў халадзільнай тэхнікі.

Спецыфіка прафесійнай падрыхтоўкі новых кадраў яшчэ ў тым, што сёння з улікам патрабаванняў інавацыйнай вытворчасці халадзільныя ўстаноўкі працуюць не на аміяку, а на фрэоне, што з’яўляецца больш бяспечным І прывабным для ўжытку. Гэтая Інавацыя ў вытворчасці прывяла да змяненняў у вучэбным працэсе мехатронікаў. Асноўны ўхіл у навучанні робіцца на вывучэнне менавіта тэхнікі, якая працуе на фрэоне. У сваёй большасці навучэнцы набываюць практычныя навыкі непасрэдна на прадпрыемствах халадзільнай галіны. Акрамя асноўнай спецыяльнасці, навучэнцы атрымліваюць дадаткова рабочыя прафесіі: электрамеханік па абслугоўванні гандлёва-халадзільнага абсталявання і слесар-рамонтнік. У сувязі з гэтым у прафесійную падрыхтоўку ўключаны слясарная, механічная практыка і практыкум. Пры гэтым слясарная, механічная практыка будзе праходзіць на базе прадпрыемстваў, а практыкумы — непасрэдна ў каледжы пад кіраўніцтвам выкпадчыкаў каледжа. Для гэтага была аснашчана вучэбная база, якая дазволіць паўнавартасна замацоўваць тэорыю на практыцы. Многае з наглядных дапаможнікаў зроблена рукамі саміх навучэнцаў і іх педагогаў. Напрыклад, створаны макеты рэсівераў, дзе захоўваецца фрэон. Акрамя таго, выкладчыкамі каледжа зроблены новыя святлодыёдныя стэнды па халадзільных устаноўках, прымяняюцца раней ужываныя кампрэсары. У бліжэйшых планах каледжа зрабіць лабараторны стэнд, на якім была б змешчана міні-халадзільная камера, дзе можна было б ажыццяўляць кантроль параметраў. Акрамя гэтага, у каледж прыязджаюць прадстаўнікі прадпрыемстваў па вытворчасці халадзільнага абсталявання і дэманструюць узоры новай тэхнікі. У сваю чаргу выкладчыкі спецдысцыплін павышаюць сваю кваліфікацыю на базе прадпрыемстваў халадзільнай галіны. Плануецца і ў наступным навучапьным годзе па спецыяльнасці “Мехатроніка для халадзільнага абсталявання” набраць яшчэ адну вучэбную групу.