“Смех у цемры” i роздум у святле сафiтаў

   Бунцэвiч, Н. “Смех у цемры” i роздум у святле сафiтаў : ["Март.кантакт-2017"] / Надзея Бунцэвiч // Культура. — 2017. — 25 лютага. — С. 8.

Цікава, але гісторыя стварэння гэтага, па сённяшніх мерках, інтэрнацыянальнага праекта наўпрост звязана з “M.@rt.кантактам”. Ледзь не ўсе гады на яго прызджае Ніна Мазур з Германіі — тэатразнаўца, тэатральны крытык, драматург, паэт (і яшчэ шмат іпастасяў у яе “паслужным спісе”). Яшчэ ў канцы 1990-х яна зрабіла інсцэніроўку рамана Набокава “Камера абскура”, назваўшы яе “Парение в темноте”, прычым “р” было папраўлена на “д”, змяняючы сэнс на “Падзенне ў цемры”. Той спектакль на трох дзеючых асоб (Бруна Крэчмар, Магда, Голас) быў пастаўлены ў кіеўскім Камерным тэатры-студыі да стагоддзя з дня народзінаў пісьменніка, атрымаў добрыя водгукі.

/i/content/pi/cult/626/13899/8-1.jpg

Але цяперашняя пастаноўка заснаваная на новай драматургічнай версіі, прапанаванай галоўным рэжысёрам Магілёўскага драмтэатра Саўлюсам Варнасам, таму інсцэніроўка невыпадкова мае падвойнае аўтарства. У ёй і раней, адпаведна законам монаспектакля, не была захавана “лінія Магды” — апісанні характару дзяўчыны, яе ранейшага жыцця, згадкі яе думак і падобнае. А цяпер зніклі не толькі ўласцівыя раману сюжэтная паслядоўнасць і храналогія падзей, але і многія дэталі, уключаючы ўзаемаадносіны Крэчмара з жонкай, лухту Горна пра ягоную “блакітнасць” і многае іншае. У цэнтры аказваецца не столькі сам Крэчмар (найталенавіцейшы Іван Трус) з аповедам пра свой няскладны лёс, колькі ягоная мяцежная душа з усім разгортам няўлоўных памкненняў-адчуванняў. І выклікае яна не адмаўленне, а спачуванне, жаданне зразумець “пацярпелага” і не паўтараць яго памылак. Такая “апраўдальная” трактоўка героя шмат у чым перагукаецца са скетч-операй беларускага кампазітара Вячаслава Кузняцова “Гумберт Гумберт”, напісанай у 2010-м паводле набокаўскай “Лаліты”, але і дагэтуль не пастаўленай, з яго ж кранальна сумным і надзвычай адухоўленым Маналогам Гумберта для голаса, вібрафона і саксафона, створаным у 1992-м.

Тэма “грэхападзення”, акрэсленая ў колішняй назве п’есы, у Саўлюса Варнаса трансфармуецца ў “сублімацыю наадварот”: успрыняўшы Магду “ажыўленым” мастацтвам вялікіх майстроў антычнасці і Рэнесансу, Крэчмар не можа спыніцца, хаця разумее згубнасць свайго выбару. Уласцівыя рэжысёру ідэі сінтэзу мастацтваў, што прыводзяць да шматслойнасці яго спектакляў, на гэты раз ахопліваюць яшчэ і віртуальную прастору. Да ўласна набокаўскага тэксту, выкладзенага з частымі часавымі перакідамі ў мінулае, дададзены “правакацыйныя” абмеркаванні рамана, з якіх і пачынаецца дзеянне пасля сцэнічна-інтэрактыўнай “уверцюры”. Такога роду “рэплікі” ўласцівыя не адно прафесійным рэцэнзіям, штосьці падобнае можна сустрэць у раздзелах каментарыяў, водгукаў, у аўтарскіх блогах, проста ў сацыяльных сетках. Аднак пададзены яны ў спектаклі не ў стылістыцы “дакументальнага тэатра”, а, наадварот, максімальна напышліва, пафасна ды, што цікава, без аніякага нават намёку на пародыю, як цалкам сур’ёзны працяг традыцый барочнай оперы-seria з яе тэорыяй афектаў, дзе кожная арыя даволі плакатна і безапеляцыйна выяўляла пэўны эмацыйны стан. У такім нечаканым спалучэнні ёсць не толькі свой філасофскі сэнс (кожнае слова не проста адбіваецца, а літаральна “адціскаецца” ў памяці), але і эстэтычная сутнасць, скіраваная ўглыб гістарычных і псіхалагічных працэсаў.

Ва “ўверцюры” магілёўскага спектакля замест музыкі мы адразу бачым артыста Івана Труса, які пакуль займае глядацкае крэсла, а пазней ператворыцца ў набокаўскага героя (увогуле падчас дзеі акцёру не аднойчы даводзіцца імгненна пераўвасабляцца, а гледачам — вызначаць, хто менавіта зараз перад імі). Хтосьці, адрэагаваўшы на знаёмы твар, па інерцыі вітаецца (спектакль ідзе на планшэце сцэны), хтосьці і сапраўды ўспрымае артыста звычайным гледачом. Але персанаж Труса нецярпліва ўскоквае, пачынае хадзіць, “пырхаць”, выказваць незадавальненне, бурна рэагуе на тэатральныя званкі… Так што да позы “помніка” з красамоўна ўзнятай рукой (а менавіта ў такім стане будуць чытацца “абмеркаванні” не столькі рамана, колькі саміх учынкаў і лёсу героя) артыст прыходзіць, можна сказаць, паступова.

У адпаведнасці з жанрам, монаспектакль патрабуе мінімум антуражу. Друкарская машынка (набраныя на ёй словы ўзнікаюць на экране, вымушаючы ўспрымаць артыста і ўвасабленнем аўтара), чорныя акуляры, кій сляпога, які ператвараецца ва ўказку экскурсавода, шэры насціл на падлогу і, як яго працяг, такі ж заднік-экран, куды праецыруюцца карціны майстроў Рэнесансу. А яшчэ — плоскія каменьчыкі, якія акумулююць найбольшае семантычнае прыцягненне. Ускладзеныя на вейкі, яны сімвалізуюць нябожчыка — не столькі ў рэальным, колькі ў духоўным плане. Іх “перабіранне” ў руках нагадвае перабіранне ружанца як знак роздуму, звароту да вышэйшых сфер. А “выкідванне” каменьчыкаў з залы асацыюецца не столькі з пакараннем грэшніка — закідваннем яго каменнем, колькі з вядомай фразай Старога Запавета, што ёсць час раскідваць камяні — і час іх збіраць. Вельмі па-мастацку вырашана сцэна аўтамабільнай аварыі — праз відэа бягучай падзяляльнай паласы, прыём рапіду (запаволенага руху) і, галоўнае, “разрэзаных” на часткі рэпрадукцый: гэта не проста фрагменты карцін, што ўсплываюць у падсвядомасці героя, а яскравая карціна разбурэння ўсяго ягонага свету. Як заўжды ў Варнаса, “Смех у цемры”, які можа лічыцца аўтарскім спектаклем (рэжысёру належаць таксама сцэнаграфія, святло, падбор музыкі), мае вельмі адметную фонасферу, заснаваную на спалучэнні боскай класікі з незразумела-няўлоўнымі шоргатамі-гукамі рэчаіснасці. Такая ўвага да “агучанай цемры” вымушае ўзгадаць аднайменны спектакль з Даніі, паказаны ў рамках Міжнароднага форуму “ТeART-2014”. Але там раман Набокава наўмысна быў звужаны да слыхавых адчуванняў сляпога (седзячы ў цемры ў навушніках, мы адчувалі нават чыйсьці подых злева-справа, за спінаю). У магілёўскай жа версіі раман становіцца візуалізаваным маналогам з “украпваннямі” (галасы Магды і Макса, агучаныя літоўскімі акцёрамі, гучаць у запісе), дадаткамі, каментарыямі.

Спектакль годны быць прэзентаваны на фестывалях самага высокага рангу і творчага ўзроўню. Для пачатку ж няблага было б прывезці яго хаця б у сталіцу. Наколькі вядома, папярэднія перамовы наконт паказу “Смеху ў цемры” ў Нацыянальным мастацкім музеі, у атачэнні жывапісных палотнаў (не забывайце, што галоўны герой — мастацтвазнаўца), ужо вяліся.