“Не вышэй даху”

   Бальчэўскi, Э. “Не вышэй даху” : першы самалёт у Магiлёве / Э. Бальчэўскi // Магiлёўская праўда. — 1983. — 10 жнiўня.

Адзін з першых рускіх лётчыкаў Сяргей Ісаевіч Уіачкін быў самавучка. У яго не было сродкаў на набыццё лятальнага апарата. Слова «самалёт» гады яшчэ не ўжывалася. Давялося яму ў 1910 годзе заключыць дагавор з адным дзялком, які купіў аэраплан.

Гэта быў біплан сістэмы «Фарман». На ім і навучыўся лятаць С. I. Утачкін. За гэта ён абавязаўся пэўную колькасць год рабіць дэманстрацыйныя палёты на агароджаных высокім парканам пляцоўках, туды дапускалася публіка па білетах. Каб ніхто не мог бачыць палёты бясплатна, Утачкін абавязаўся не ўзнімацца вышэй паркана. Усе арганізацыйныя расходы браў на сябе прадпрымальнік, і ўся выручка ад продажу білетаў паступала ў яго касу. Утачкін жа атрымліваў ад гаспадара аэраплана пэўную заработную плату.

У 1911 годзе авіятар-самавучка рабіў дэманстрацыйныя палёты ў розных гарадах Беларусі. У маі ён быў у Мінску.

У гэты час у Магілёве ўжо рыхтавалася лётнае поле за чыгуначнай станцыяй. Цесляры агароджвалі яго высокім парканам. Па гораду былі расклеены афішы, якія запрашалі магіляўчан на паказальныя палёты. Быў адкрыт папярэдні продаж білетаў. Нягледзячы на высокi кошт, іх хутка раскупілі.

У першых чыслах чэрвеня аэраплан са знятымі крыламі прывезлі з Мінска на чыгуначнай платформе. На поле яго даставілі конным транспартам. Тут «Фарман» быў сабраны і падрыхтаваны да палётаў.

У дзень палётаў гэта было ў нядзелю 5 чэрвеня) апоўдні паток людзей рухаўся па Дняпроўскаму праспекту (зараз вул. Паршамайская) у бок вакзала. Уладальнікі білетаў уваходзілі на лётнае поле. Безбілетныя хлапчукі бегалі вакол высокага паркана, спадзеючыся знайсці дзірку.

Строем прайшла каманда салдат-сапёраў. Для даламогі лётчыку на ўзлёце патрэбна была іх арганізаваная фізічная сіла. Публіка з дапытлівасцю разглядала аэраплан. «Фарман» быў падобны на пакладзеную на бок кволую этажэрку з сасновых брускоў і планак, звязаных дротам, пастаўленую на вялікія веласіпедныя колы. Крылы і хваставое апярэнне былі ў адзін слой абцягнуты палатном па ніжняй паверхні. Таму пра іх выгляд тады гаварылі: «штосьці незразумелае». Як і было намечана, палёты пачалі ў шэсць гадзін вечара.

Утачкін сеў у лятальны апарат. Гэты выраз — умоўны, бо кабіны ў аэраплане не было — ён сеў вярхом на адну жэрдачку, прывязаўся рамянём і ўпёрся нагамі ў рычагі паваротаў. Механік, рукамі варочаючы прапелер, завёў 50-сільны рухавік з казачнай назвай «Гном». Салдаты моцна трымалі аэраплан за крылы і хваставое апярэнне. Калі матор набраў абароты, Утачкін узняў руку. Па гэтаму сігналу салдаты адпусцілі аэраплан. Ён зрабіў невялікі разбег, адарваўся ад зямлі і паляцеў.

Радасныя крьжі і апладыс-менты шматлікіх гледачоў разнесліся па полю. Праз дзень у газеце «Могилёвский вестник» за 7 чэрвеня 1911 года можна было прачытаць: «Палёты былі нізкія і непра-цяглыя. Першы палёт, «фігур-ны», працягваўся 3,5 мінуты; другі — уздым І спуск на пэўнае месца — 7 мінут; трэці — дослед кідання з аэраплана пісьмаў у абазнача-нае месца — 2,5 мінуты; чац-вёрты — планіруючы спуск са спыненым маторам — 5 мінут і апошні палёт над чы-гуначнай станцыяй — 7 мінут. Апошні палёт маглі назіраць бясплатна ўсе, хто знаходзіў-ся па-за агароджанай пляцоў-кай або на станцыі. Як бачна, «гаспадар» дазволіў такі вылет за межы паркана, бо вялізная выручка ад продажу білетаў была ўжо ў кішэні.

Так прайшлі ў Магілёве дэманстрацыйныя палёты на аэраплане сістэмы «Фарман» лётчыка-самавучкі Сяргея Ісаевіча Утачкіна.

У сувязі з яго палётамі рускія эстрадныя спевакі дапоўнілі тады рэпертуар куплетамі, якія пачыналіся так:

«На манер летучей мыши
Он летал не выше крыши».