“Трэба быць крышачку ювелiрам”

   Панасевiч, А. “Трэба быць крышачку ювелiрам” : [гутарка са старшым следчым Магiлёўскага мiжраённага аддзела Следчага камiтэта маёрам юстыцыi А. Панасевiчам] / Аляксандр Панасевiч ; гутарыла Нэлi Зiгуля // Звязда. — 2017. — 31 сакавiка. — С. 4.

Следчы Аляксандр Панасевіч пра асаблівасці сваёй прафесіі, падрабязнасці турэмнага жыцця злачынцаў з «марозаўскай» банды і зніклых без вестак, якія знаходзіліся ў… шафе.

Аляк­санд­ру Па­на­се­ві­чу па­да­ба­ец­ца  зай­мац­ца за­блы­та­ны­мі гіс­то­ры­я­мі.
Аляк­санд­ру Па­на­се­ві­чу па­да­ба­ец­ца зай­мац­ца за­блы­та­ны­мі гіс­то­ры­я­мі.

— Першая зброя следчага — гэта ветлівасць, другая — ручка, каб аператыўна задакументаваць усе абставіны на месцы злачынства, — адразу ж даводзіць да ведама старшы следчы Магілёўскага міжраённага аддзела Следчага камітэта маёр юстыцыі Аляксандр Панасевіч, і я лаўлю сябе на думцы, што ў гэтым нашы прафесіі аднолькавыя. А яшчэ ва ўменні наладжваць кантакт з чалавекам і ўнікаць у яго псіхалогію. Па сабе ведаю, як гэта бывае цяжка, а таму амаль гадзіну цярпліва чакаю, пакуль мой суразмоўца гутарыць за зачыненымі дзвярыма з падазраваным. Прысутнічаць на допытах староннім людзям, нават калі ты карэспандэнт, нельга. Тайна следства.

Жыццё па раскладзе

— Адначасова ў рабоце знаходзіцца па 5—6 спраў, сёння, напрыклад, займаюся непасрэдна дзвюма, — дае справаздачу мой суразмоўца, як толькі заканчвае допыт. — Адна з іх датычыцца вынясення прадстаўлення аб прыцягненні да адказнасці падазраванага, у сувязі з чым яго трэба было азнаёміць з правамі, матэрыяламі крымінальнай справы, дапытаць і абраць меру стрымання. Па другой справе неабходна назначыць экспертызы, распланаваць допыты сведак.

Наогул планаваннем Аляксандр Панасевіч займаецца пастаянна. Крымінальныя справы, матэрыялы праверак — работы шмат, і трэба яшчэ ўкласціся ў строга акрэсленыя працэсуальныя тэрміны расследавання.

— Без планавання ніяк, — запэўнівае ён. — Ад гэтага залежыць ход расследавання. Трэба запланаваць удзел у справе і іншых асоб. Напрыклад, для агляду месца злачынства сабраць панятых, забяспечыць прысутнасць законнага прадстаўніка, вызначыцца з канвойным падраздзяленнем, калі размова ідзе пра затрыманне. Пры прывядзенні следчага эксперымента — знайсці статыстаў, дамовіцца з судова-медыцынскім экспертам. Немагчыма сабе дазволіць праводзіць усё гэта, не спланаваўшы. Неабходна вызначыцца з кожным следчым дзеяннем, якое трэба выканаць да накіравання справы ў суд.

Знаходзіць выйсце з заблытаных гісторый Аляксандру падабалася заўсёды, але ўсведамленне, кім хочацца стаць, прыйшло дзесьці гадоў у 19. Калі пасля заканчэння акадэміі МУС 12 гадоў таму пайшоў працаваць следчым, зразумеў, што не памыліўся.

— Работа цяжкая, напружаная. Цягаць мяшкі не трэба, але той груз адказнасці, які кладзецца на плечы, таксама важкі, — кажа ён. — Менавіта следчы прымае рашэнне аб затрыманні чалавека, абмежаванні яго правоў, волі. А гэта не так проста, бо ў кожнага ёсць сем’я, блізкія, родныя, для якіх гэта вельмі балючы момант. Калі толькі пачынаеш працаваць, шмат нюансаў не ведаеш, вопыт назапашваецца з гадамі. Дагэтуль з удзячнасцю ўспамінаю словы свайго старэйшага калегі: «Калі ты зможаш следчым шляхам даказаць віну чалавека, не абразіўшы яго, падмацаваць доказамі так, што ён зразумее — дзецца няма куды, ён цябе будзе паважаць». Гэта правіла стала маім жыццёвым крэда. І прыемна, што ў маім жыцці здараліся такія сітуацыі, калі былыя падследныя пасля адбыцця пакарання прыходзілі і дзякавалі проста за чалавечыя адносіны. Калі нехта спатыкнуўся ў жыцці, гэта яшчэ не падстава зневажаць яго. Усё будуецца на доказнай базе і ўнутраным перакананні следчага. І для гэтага, як той казаў, трэба мець халодную галаву, гарачае сэрца і чыстыя рукі. Для следчага гэты прынцып вельмі важны. Не адзін бязвінны не павінен сядзець у турме.

Не­каль­кі ру­хаў — і ня­бач­нае  ста­но­віц­ца бач­ным.
Не­каль­кі ру­хаў — і ня­бач­нае ста­но­віц­ца бач­ным.

Спакой нам толькі сніцца

Допыты, планы, крымінальныя справы — гэта яшчэ не ўсё. Праца следчага далёка не кабінетная. Гэта яшчэ і следчыя эксперыменты, і выезды на месца злачынства. І калі ў знакамітым серыяле «Месца сустрэчы змяніць нельга» следча-аператыўнай групай кіруе непасрэдна начальнік аддзела па барацьбе з бандытызмам Глеб Жаглоў, то ў звычайным жыцці гэтыя абавязкі выконвае менавіта следчы. Гэта ён павінен агледзець месца здарэння, дапытаць сваякоў, прызначыць экспертызы, паставіць задачы перад супрацоўнікамі крымінальнага вышуку на адпрацоўку спецкантынгенту або ўстанаўлення сведак здарэння. Уся інфармацыя акумулюецца ў следчага, і ён вырашае, распачынаць крымінальную справу або не.

— А бывае, што выехалі на адно злачынства, а потым узнікала неабходнасць ехаць на іншае? — цікаўлюся я.

— Былі сітуацыі, калі раніцай выязджалі на забойства, потым ехалі на крадзеж, потым на хуліганства і вярталіся толькі бліжэй да раніцы наступнага дня, — прызнаецца Аляксандр. — Таму ў кожнага з сабой заўсёды папка дакументаў — пратаколы агляду, допыту пацярпелага, сведак, назначэння розных экспертыз.

— Ваша праца, безумоўна, сур’ёзная, але магчыма бывалі і кур’ёзныя выпадкі?

— Былі, і не раз. Калі паступае сігнал аб знікненні чалавека, мы найперш выязджаем на месца яго звычайнага знаходжання. Аднойчы жанчына паведаміла, што знікла яе дачка. Прыехалі да яе, а яна п’яная, расказвае, як усё было, просіць знайсці дачку. Мы пачынаем аглядаць кватэру і знаходзім без вестак зніклую… у шафе. Дачка прызнаецца, што баялася пакарання ад маці, таму і схавалася. Або прыходзім да родных злачынца, які ў вышуку. Яны запэўніваюць, што не бачылі яго, а мы знаходзім прапажу пад ложкам. Былі выпадкі, калі людзі хаваліся ад нас на балконе і нават за шафай.

Той са­мы ча­ма­дан­чык.
Той са­мы ча­ма­дан­чык.

Як я вучылася здымаць адбіткі пальцаў

Каб мне было прасцей унікнуць у прафесію, Аляксандр ставіць перада мной серабрысты чамаданчык.

— На той выпадак, калі ў аператыўнай групе не аказалася эксперта судовых экспертыз, мы гэтую місію бяром на сябе, — тлумачыць ён прызначэнне таямнічага прадмета і раскрывае яго.

Вочы разбягаюцца ад вялікай колькасці разнастайных зразумелых і незразумелых прыстасаванняў. Чаго тут толькі няма — нажніцы, ручкі, алоўкі, рулетка, люстэрка, клей… Тут жа нейкія слоікі з рознакаляровымі парашкамі, вадкасці, іншыя таямнічыя рэчы.

— У некаторых у арсенале бывае нават піла, — уражвае Аляксандр.

— А падсітак навошта, — не стрымліваюся я ад здзіўлення, убачыўшы гэты чайны прадмет.

— Ён прымяняецца для прыгатавання гіпсавага злепка, — тлумачыць следчы. — Цераз яго зручна прасяваць гіпс.

У руках суразмоўцы паяўляецца ліхтарык з ультрафіялетавым, як ён па ходу тлумачыць, святлодыёдам. З яго дапамогай вельмі проста знайсці біялагічныя сляды, калі была спроба ад іх пазбавіцца. Пад уздзеяннем ультрафіялетавага праменя на паверхні хутка вымалёўваюцца плямы крыві, сліны і ўсяго астатняга, што мае біялагічнае паходжанне.

— А зараз будзем вучыцца здымаць адбіткі пальцаў, — усміхаецца Аляксандр і дастае з чамаданчыка дактыласкапічны магнітны парашок. З дапамогай спецыяльнага прыстасавання ён наносіць яго на месца, дзе толькі што спецыяльна пакінуў свой пакуль што нябачны адбітак. І той паступова праяўляецца, як малюнак на негатыве. Следчы фіксуе адбітак з дапамогай скотча і наносіць на паперу. Калі б гаспадар пальчыка быў невядомы, яго было б проста знайсці пры дапамозе дактыласкапічнай экспертызы.

Пра рэзанансныя справы

Летась Аляксандр Панасевіч накіраваў у суд 62 справы. Гэта шмат, калі ўлічыць, што на адну справу прыходзілася менш за тыдзень. Сярод шэраговых крымінальных гісторый заўсёды хапае і такіх, якія надоўга запамінаюцца. Як, напрыклад, з каштоўнымі камянямі. У Магілёве быў «спецыяліст», які вельмі добра іх падрабляў і рэалізоўваў. Без прафесіянала разабрацца, які камень ён устаўляў у золата — фіяніт, брыльянт, або кавалак шкла, было немагчыма. Прыходзілася ехаць у Мінск на гемалагічную экспертызу, каб атрымаць навукова абгрунтаванае меркаванне эксперта.

А гэта прыклад таго, як трэба працаваць на апярэджанне. Аднойчы з надзейных крыніц Аляксандру Панасевічу паступіла інфармацыя аб забойстве двух чалавек. У дзяжурнай часці, куды ён першай справай патэлефанаваў, каб даведацца, ці быў такі сігнал, нават здзівіліся: адкуль ён гэта ўзяў? А калі праверылі адрас, усё пацвердзілася: у кватэры знайшлі два трупы з мноствам нажавых раненняў. Дзякуючы аператыўнай інфармацыі, хутка знайшлі і злачынца. Як потым высветлілася, забойства было спантаннае. Тры раней судзімыя асобы сабраліся разам, выпілі і пасварыліся.

А яшчэ напрацоўкі Панасевіча былі выкарыстаныя для ўдасканалення крымінальна-працэсуальнага заканадаўства. Справа датычылася фігурантаў славутай «марозаўскай банды», якая ў пачатку 1990-х трымала ў жаху ўвесь Гомель. Удзельнікі адбывалі пакаранне ў турме, але працягвалі парушаць закон. Карысталіся тым, што мелі аўтарытэт у злачынным свеце і рабілі ў турме ўсё, што хацелі. Не рэагавалі на патрабаванні прадстаўнікоў адміністрацыі, мелі шэраг спагнанняў. У адносінах да іх была распачата крымінальная справа па артыкуле 411 — злоснае непадпарадкаванне законам і патрабаванням адміністрацыі.

— У калоніях падобнае нярэдка здараецца, але па турмах такой практыкі амаль не было, — расказвае Аляксандр. — Для атрымання інфармацыі прыходзілася пісаць лісты ў Акадэмію МУС, цікавіцца меркаваннем прафесарска-выкладчыцкага складу. Пасылаў лісты ў навукова-практычны цэнтр пры Генеральнай пракуратуры, размаўляў з дацэнтам кафедры крымінальнага права БДУ, з людзьмі, якія пісалі каментарыі да Крымінальнага кодэкса. Ускрываліся праблемы, якія на стадыі напісання крымінальных артыкулаў не былі вывучаны. Некаторыя выкладчыкі з кафедры крымінальнага права потым яшчэ цікавіліся судовай практыкай, каб прымяніць гэты досвед пры навучанні студэнтаў. Прайшлі суды, абскарджанні ў касацыйным парадку. І «марозаўцы» да ўжо існуючых тэрмінаў атрымалі яшчэ па паўтара года дадаткова. Гэта адыграла добрую прафілактычную ролю для іншых асуджаных, якія знаходзіліся ў папраўчых установах.