Пра Машэку i iншых

   Ножнiкаў, М. Пра Машэку i iншых / М. Ножнiкаў // Магiлёўская праўда. — 1976. — 17 лiстапада.

Са слушнай прапановай выступіў у «Магілёўскай праўдзе» вядомы беларускі краязнаўца Г. Каханоўскі. Ён прапанаваў узвесці помнік Машэку, легенда пра якога стала асновай вядомай паэмы Янкі Купалы «Магіла Льва». Помнікам ці іншым спосабам, але ж увекавечыць у Магілёве імя легендарнага волата, з якім звязана само з’яўленне горада, трэба. Такой трагічнай і паэтычнай легенды не мае ні адзін горад у Беларусі. Ці ўмеем мы ганарыцца тым, што ёсць толькі ў нас? Патрыятызм жа пачынаецца, як вядома, з любві да роднага краю.

Машэка… Імя яго і легенда ўвасоблены ў музычных творах і на кардінах, у кінастужцы і ў драматургі, у літаратуры і на опернай сцэне. Янка Купала, Рыгор Пукст, Яўген Глебаў, Віталь Вольскi… Шмат вядомых дзеячаў літаратуры і мастацтва аддала даніну павагі народнай легендзе.

Людзям здаўна належыць пачуццё памяцi аб лепшым у сваім мінулым, пачуццё павагі да твораў i герояў іх, якія вучаць добраму 1 высокаму. Ёсць помнікі Тому Соеру, Робін Гудуі, д’Артаньяну, Дон Кіхоту. Гэта ўсё літаратурныя героі, але ж для людзей яны зрабілі так шмат, як гэта не заўсёды ўдавалася жывым. Менавіта таму ў Ерэване стаіць помнік легендарнаму Давіду Сасунскаму, герою народнага эпасу, а ў Тбілісі — Вахтангу Гаргасалу, які па народнаму паданню заснаваў гэты горад. На Браншчыне красуецца помнiк песняру Баяну.

Звыш трох стагоддзяў назад у Магілёве адбылося паўстанне гарадскіх нізоў пад кіраўніцтвам рамесніка Стахора Мітковіча. Амаль чатыры гады трымалася своеасаблівая народная ўлада. Бюст С. Мітковіча работы народнага мастака СССР i БССР З. Азгура захоўваецца ў абласным краязнаўчым музеі, а вось сам горад ніяк не ўвасобіў памяць гэтага выдатнага чалавека i падзеі, з якімі ён звязан. А ці мала такіх жа выдатных падзей у гісторыі нашага краю?

Перанясёмся ў нашы дні, да памятнага ўсім нам дня — святкавання 700-годдзя Магілёва. Не кожнаму пакаленню выпадае шчасце адзначаць такія вялікія даты. У гонар яе ў нашым горадзе быў, як мы памятаем, пасаджаны сквер. Але ж назва яго засталася толькі на паперы. Такі ж лёс напаткаў і сквер каля праспекта Міру, у пасадцы якога ўдзельнічала шмат вядомых гасцей горада.

Некалькі слоў пра назвы. У апошнія гады на карце горада з’явілася шмат добрых імён. Прыгадаем, напрыклад, вуліцы Куцепава, Габраўскую, Народнага апалчэння, Бялыніцкага-Бірулі, 30-годдзя Перамогі, праспект Шміта. Добра! Але ж знікаюць іншыя, звязаныя з мінулым: Машэкаўка, Брама, Лупалава. Шкада, бо гэта наша гісторыя і наша памяць. Задняпроўскіх, Юбілейных мікрараёнаў, вуліц, магазінаў, кафэ ў якім толькі горадзе краіны няма! Масква, напрыклад, пакінула Чаромушкі. Быкова. Мядзведкава і іншыя назвы раёнаў на тых месцах, дзе раней былі вёскі. А вось мы спяшаемся ўсё хутчэй перайменаваць.

Назвы вуліц, раёнаў — гэта памяць усенародная, добрая памяць.