Библиотека-филиал № 9 им. Я. Купалы
29.06.2018

ІІ-я Купалаўскія чытанні ў Магілёве

26 чэрвеня ў бібліятэцы адбыліся ІІ-я Купалаўскія чытанні «Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына», прысвечаныя Году малой радзімы.

Спадчына! Якое простае слова і які няпросты яго сэнс! Спадчына – гэта наша мінулае, наша памяць. Сапраўды, цяжка ўявіць сабе чалавека без гісторыі, без кроўных сувязей з роднай зямлёй, без адчування сваіх вытокаў.

Янка Купала… Імя гэтага чалавека ў сэрцы кожнага беларуса. Яно неаддзельна ад роднай мовы, ад сінявокай і шчодрай беларускай зямлі…

У межах Купалаўскіх чытанняў ішла гаворка пра літаратуру, гісторыю, ушанаванне імя паэта і папулярызацыю яго творчасці.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі прадстаўнікі навучальных устаноў, супрацоўнікі публічных і школьных бібліятэк горада, члены і сябры Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны, актыўныя чытачы бібліятэкі.

Цудоўным месцам, дзе захоўваецца спадчына паэта, з’яўляецца дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ў Мінску. Госць Купалаўскіх чытанняў – вучоны сакратар дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Г. Ю. Варонава расказала прысутным пра работу музея і яго філіялаў. Правяла прэзентацыю на тэму “Святло Купалавага дому” і паведаміла аб тым, што ў экспазіцыі музея сабрана столькі дакументаў, асабістых рэчаў і кніг, па якіх можна прасачыць усе этапы жыцця Янкі Купалы.

Беларускі пісьменнік, літаратурны крытык і педагог, кандыдат філалагічных навук Я. І. Клімуць раскрыў тэму незалежнасці ў творчасці Янкі Купалы.

Аб цікавых фактах жыцця і дзейнасці Янкі Купалы і Паўліны Мядзёлкі нам паведаміў кіраўнік Магілёўскага аддзялення таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны, даўні сябар бібліятэкі А. У. Дзьячкоў.

Народны мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва З.С. Ляўчэня паведаміла аб творчай камандзіроўцы Янкі Купалы ў вёску Камуна ў маі–чэрвені 1933 года.

Скульптуры створаныя таленавітым мастаком А. А. Вараб’ёвым упрыгожваюць наш горад і іншыя гарады Беларусі. Ён лічыць, што скульптура – гэта такая магчымасць разгледзець горад знізу. І калі ён насычаны тым, што можна разглядаць, то гэта робіць яго непаўторным, робіць яго душу. Скульптар расказаў не толькі аб тым, што ён ужо стварыў, але і падзяліўся сваімі планамі на будучыню.

У заключэнні супрацоўнікі бібліятэкі выказалі вялікую падзяку свайму чытачу, вялікаму сябру бібліятэкі, выдатнаму мастаку П. М. Печанькову за цудоўны падарунак бібліятэцы – партрэт Янкі Купалы. Для напісання якога, яго натхніў той факт, што ў 2016 годзе бібліятэцы было прысвоена імя вялікага песняра. У сваю чаргу Пётр Міхайлавіч пачытаў прысутным свае вершы і сыграў на губным гармоніку прыгожую беларускую мелодыю.

Прысутным былі прадстаўлены кніжна-ілюстрацыйная выставы “Песняра святое імя”, “Паўліна Мядзёлка: адораная талентамі” (да 125-годдзя), выстава вырабаў дэкаратыўна прыкладнога мастацтва “Ільняныя дзівосы” (аўтар – магілеўчанка Зінаіда Ляўчэня), выстава дзіцячага малюнка “З Беларуссю Купалу яднаю”.

Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.

Янка Купала

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Вверх