Бібліятэка-філіял №9 імя Янкі Купалы
11.07.2017

IMG_3129I-я купалаўскія чытанні ў Магілеве

…Цяжка, ды і немагчыма ўявіць нас,
беларусаў, без Янкі Купалы. Ён наш буквар
і энцыклапедыя, песня і сумленне.
Аляксей Пысін

У гicторыі кожнага народа ёсць паэтычнае імя, якое з’яўляецца яго неафіцыйным сімвалам, якое першае ўсплывае ў памяці i першым называецца, калі заходзіць гаворка пра гэты народ. Янка Купала… Гэта імя даравана беларускаму народу, каб пра яго ведалі ва ўсім свеце.

6 ліпеня, напярэдадні дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, у бібліятэцы адбыліся І-я купалаўскія чытанні «Слова Купалы да творчасці кліча». Праграма чытанняў была прысвечана 135-годдзю нашага песняра, 750-годдзю горада Магілёва і 1-й гадавіне прысваення бібліятэцы імя Янкі Купалы.

У межах купалаўскіх чытанняў адбыўся круглы стол, дзе ішла гаворка пра літаратуру, гісторыю і пытанні ўшанавання імя паэта і папулярызацыі яго творчасці.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі прадстаўнікі навучальных устаноў, супрацоўнікі публічных і школьных бібліятэк горада, члены і сябры Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны, актыўныя чытачы бібліятэкі.

Беларускі пісьменнік, літаратурны крытык і педагог, кандыдат філалагічных навук Я. І. Клімуць расказаў пра творчы шлях Янкі Купалы, адносіны паэта да зменлівага часу, у які ён жыў, пра купалаўскія традыцыі ў сучаснай паэзіі.

Госць Купалаўскіх чытанняў – кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры рускай і беларускай моў, установы адукацыі “Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія” (г. Горкі) Г. І. Малько. Ганна Іванаўна расказала аб дзейнасці народнага літаратурнага аб’яднання “Парнас”, якое працуе пры акадэміі, аб выданні ў 2016 годзе кнігі “Акадэмія літаратурная”, аўтарам якой яна з’яўляецца. Больш падрабязна Г.І.Малько расказала аб Уладзіславе Францаўне Станкевіч – жонцы, сяброўцы, паплечніцы Янкі Купалы.

Адбылась on-line-гутарка з дырэктарам Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы А. М. Мартынавым, які расказаў аб дзейнасці бібліятэкі па ўшанаванню і папулярызацыі імя класіка.

Гісторык і краязнаўца Магілёва, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гуманітарных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання І.А. Пушкін распавядаў пра жыццё горада часоў жыцця Янкі Купалы.

Галоўны спецыяліст Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” С.М. Шурбянкова расказала аб дзейнасці аб’яднання.

Загадчык бібліятэкі Жмачынская Г.М. прадставіла справаздачу пра дзейнасць бібліятэкі па папулярызацыі творчасці і ўшанаванню імя Янкі Купалы, прыцягненню ўвагі чытачоў да сучаснай беларускай літаратуры і яе класікі.

Прысутным былі прадстаўлены кніжна-ілюстрацыйная выставы “Песняра святое імя”, “Язык беларускага арнамента, ці Старадаўнія сімвалы шчасця”, “Творчасць Янкі Купалы ў ілюстрацыях мастакоў” і праведзена экскурсія ў міні-музеі Янкі Купалы.

У выніку было прынята рашэнне штогод праводзіць Купалаўскія чытанні; сумеснымі намаганнямі ўшаноўваць імя паэта ў межах горада.

IMG_3103 IMG_3107 IMG_3121 IMG_3123 IMG_3135 IMG_3052 IMG_3058 IMG_3064 IMG_3068 IMG_3074 IMG_3082 IMG_3094 IMG_3102

Вверх